Стэрыльнае асяроддзе сапраўды выклікае ў дзяцей алергіі. Цяпер навукоўцы высветлілі, што дзяцей ад алергіі абараняе
Навукоўцы даўно падазравалі, што стэрыльнае асяроддзе дэзарыентуе імунную сістэму, а дзеці, якія растуць у вёсцы, радзей пакутуюць ад алергіі. Цяпер нямецкія даследчыкі вызначылі канкрэтныя віды бактэрый, якія могуць тлумачыць гэты эфект.
Фота: Getty Images
Алергія, астма і атапічны дэрматыт усё часцей сустракаюцца ў дзяцей у індустрыяльна развітых краінах. Адна з гіпотэз тлумачыць гэта тым, што празмерна стэрыльнае асяроддзе ў раннім узросце не дае імуннай сістэме дастатковага кантакту з мікраарганізмамі. У выніку яна можа занадта актыўна рэагаваць на бяскрыўдныя рэчывы — напрыклад, пылок раслін або поўсць жывёл.
Даўно заўважана, што дзеці, якія растуць у сельскай мясцовасці і штодня кантактуюць з сельскагаспадарчымі жывёламі, маюць меншую рызыку такіх захворванняў. Гэтую з'яву называюць «эфектам фермы». Але дагэтуль заставалася незразумелым, якія менавіта мікраарганізмы могуць яго забяспечваць.
Даследчыкі з Мюнхенскага ўніверсітэта Людвіга-Максіміліяна і Інстытута прафілактыкі астмы і алергіі імя Гельмгольца паспрабавалі гэта высветліць. На вынікі іх даследавання звяртае ўвагу National Geographic.
Навукоўцы даследавалі мікрабіём асяроддзя, у якім жылі дзеці. Яны прааналізавалі пыл з матрацаў больш як тысячы школьнікаў з сельскіх раёнаў Германіі і Японіі, а таксама ўзоры паветра з некалькіх дзясяткаў кароўнікаў.
У выніку яны змаглі вылучыць дзевяць відаў грамдадатных бактэрый, прысутнасць якіх была звязаная з ахоўным эфектам. Крыніцай гэтых мікраарганізмаў, паводле даследчыкаў, могуць быць каровы. Бактэрыі жывуць у іх стрававальнай сістэме, трапляюць у гной, а адтуль — у паветра кароўніка. Дзеці могуць удыхаць мікраскапічныя часцінкі, а таксама прыносіць іх дадому на вопратцы.
У паветры кароўнікаў вызначаныя дзевяць відаў складалі каля чвэрці ўсіх выяўленых мікраарганізмаў. У пыле з дзіцячых матрацаў іх доля была значна меншай — каля 6%.
Як гэта ўплывае на імунітэт
Даследчыкі паспрабавалі высветліць не толькі сувязь паміж бактэрыямі і меншай частатой алергічных захворванняў, але і магчымы механізм іх дзеяння.
Аказалася, што рэчывы, якія выпрацоўваюць гэтыя бактэрыі, могуць уздзейнічаць на рэцэптар AhR — спецыяльны бялок у клетках, які рэагуе на пэўныя хімічныя рэчывы і дапамагае рэгуляваць працу імуннай сістэмы.
Пры ўмераным уздзеянні бактэрыяльных метабалітаў актывуюцца механізмы, здольныя стрымліваць запаленчую рэакцыю. Гэта можа дапамагаць імуннай сістэме не рэагаваць празмерна на звычайныя рэчывы з навакольнага асяроддзя.
Пры гэтым даследчыкі звяртаюць увагу менавіта на ўмеранае ўздзеянне. Высновы працы не азначаюць, што чым больш чалавек кантактуе з бактэрыямі, тым лепш. Празмерная актывацыя таго ж рэцэптара AhR можа мець нядобрыя наступствы.
Ці з'явяцца «бактэрыі з фермы» ў гарадскіх кватэрах?
Паводле разлікаў даследчыкаў, выяўленыя бактэрыі могуць тлумачыць значную частку ахоўнага эфекту фермерскага асяроддзя — прыкладна дзве траціны ў выпадку астмы і каля паловы ў выпадку алергіі на пылок і атапічнага дэрматыту.
Але гэта не азначае, што дзеля прафілактыкі алергіі трэба вазіць дзяцей у кароўнікі ці адмаўляцца ад гігіены. Праца хутчэй адкрывае магчымасць для распрацоўкі новых спосабаў прафілактыкі. У перспектыве даследаванні могуць прывесці, напрыклад, да стварэння сродкаў, якія бяспечна ўзбагачаюць хатні мікрабіём, або інгалятараў на аснове рэчываў, што выпрацоўваюць патрэбныя бактэрыі.
Але перш чым такія сродкі могуць з'явіцца, навукоўцам трэба правесці яшчэ шэраг эксперыментаў і падрабязна вывучыць кожны этап узаемадзеяння гэтых бактэрый з чалавечым арганізмам.