Свет

Японія ў палоне маштабнай алергіі. У гэтым вінаваты праект 1950‑х гадоў

Рашэнне аб маштабным аднаўленні лясоў, якое ў пасляваеннай Японіі лічылася ідэальным выйсцем з экалагічнага крызісу, праз сем дзесяцігоддзяў абярнулася сур’ёзнай праблемай для краіны. Мільёны японцаў пакутуюць ад цяжкіх сезонных алергій, а эканамічныя страты ад іх ацэньваюцца ў мільярды даляраў. Цяпер улады спрабуюць выправіць наступствы пасляваеннай лесагаспадарчай палітыкі. З падрабязнасцямі знаёміць BBC.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Luis Alvarez / Getty Images

У Японіі кожная вясна для мільёнаў людзей азначае не толькі цвіценне сакуры, але і пачатак сезона маштабных алергій. Паводле ацэнак, сімптомы палінозу сярэдняй і цяжкай ступені сёння назіраюцца ў каля 43% японцаў. Для параўнання: у Беларусі, паводле розных звестак, падобныя праблемы закранаюць каля 30% насельніцтва, у Вялікабрытаніі — каля 26%, а ў ЗША гэты паказчык вагаецца ў межах 12—18%.

Алергія выклікае не толькі пастаянны фізічны дыскамфорт, але і прыводзіць да праблем са сном, зніжэння канцэнтрацыі ўвагі, а таксама павышае рызыку развіцця астмы і іншых спадарожных захворванняў. Эканамічныя страты Японіі, выкліканыя зніжэннем прадуктыўнасці працы і выдаткамі на лячэнне, ацэньваюцца ў ашаламляльныя $1,6 мільярда штодня падчас піку сезона.

Вытокі праблемы

Прычыны цяперашняга крызісу звязаныя не з экалагічным забруджваннем паветра ці агульным пагаршэннем здароўя нацыі, а з дзяржаўнымі рашэннямі, прынятымі ў першыя дзесяцігоддзі пасля Другой сусветнай вайны.

У ваенныя гады краіна зведала востры дэфіцыт паліва, што вымусіла ўлады актыўна выкарыстоўваць лясныя рэсурсы для патрэб арміі і прамысловасці. Вынікам стала татальная высечка лясоў, асабліва на горных масівах вакол буйных гарадоў — Токіа, Осакі і Кобе. Голыя горныя схілы сталі прычынай шматлікіх прыродных катастроф: рэзка павялічылася колькасць разбуральных апоўзняў і паводак.

У 1950‑я гады японскі ўрад запусціў маштабную праграму па аднаўленні ляснога покрыва. Каб як мага хутчэй спыніць эрозію глебы і забяспечыць краіну таннай сыравінай для будаўніцтва, стаўка была зроблена на два мясцовыя віды вечназялёных дрэў: японскі кедр (сугі) і японскі кіпарыс (хінокі). Гэтыя віды вызначаліся хуткім ростам, непераборлівасцю і ідэальна пасавалі для прамысловых мэтаў.

У 1960‑я і 1970‑я гады, падчас бурнага эканамічнага росту, патрэба ў драўніне заставалася высокай. Аднак адбылося непрадбачанае: з-за лібералізацыі гандлю імпарт лесу з-за мяжы (пераважна з Малайзіі і Інданезіі) аказаўся больш выгадным, чым распрацоўка ўласных масіваў у цяжкадаступных гарах. У выніку створаныя чалавекам плантацыі аказаліся не запатрабаванымі і засталіся некранутымі.

Кожную вясну ў Японіі велізарныя аблокі пылку ўздымаюцца з плантацый японскага кедра і кіпарыса, часта далятаючы да гарадоў, дзе выклікаюць сезонную алергію. Фота: Japan Entertainment / Facebook

Сёння Японія з’яўляецца адной з самых лясістых індустрыяльных краін свету, дзе лясы пакрываюць 68% тэрыторыі. Аднак траціна гэтых плошчаў (каля 10 мільёнаў гектараў) — гэта монакультурныя алергенныя пасадкі.

Сітуацыя стала крытычнай, калі гэтыя дрэвы дасягнулі 30‑гадовага ўзросту — менавіта ў гэты перыяд кедры і кіпарысы пачынаюць выдзяляць максімальную колькасць лёгкага пылку. Паколькі ўсе яны высаджваліся адначасова, дрэвы дасягнулі сталасці сінхронна, што кожную вясну стварае гіганцкае воблака алергенаў над усёй краінай.

Гэтыя рукатворныя лясы моцна адрозніваюцца ад прыродных. У іх усе дрэвы маюць аднолькавую вышыню, падлесак практычна адсутнічае, а святла пранікае настолькі мала, што там амаль не жывуць птушкі і насякомыя. Зямля ў такіх лясах укрыта шчыльным слоем сухіх іголак, што стварае эфект біялагічнай пустыні.

Для параўнання, натуральныя японскія лясы значна багацейшыя і разнастайнейшыя. У іх суіснуюць клёны, лістоўніцы, чырвоныя сосны і сотні іншых відаў раслін. Такія экасістэмы падтрымліваюць каласальную колькасць жывых арганізмаў. Хоць Японія і лічыцца адным з глабальных цэнтраў біяразнастайнасці, монакультурныя пасадкі і страта прыродных асяроддзяў пражывання ствараюць сур’ёзную пагрозу для гэтай унікальнай спадчыны.

Пошукі рашэння

У 2023 годзе ўрад краіны афіцыйна прызнаў алергію «нацыянальнай сацыяльнай праблемай». Быў распрацаваны амбіцыйны план: знізіць канцэнтрацыю пылку ў паветры на 50% за наступныя 30 гадоў. Першачарговая задача — да 2033 года скараціць плошчы лясоў, занятых кедрам з высокім утрыманнем пылку, як мінімум на 20%.

Для фінансавання гэтай працы з 2024 года ў Японіі ўвялі спецыяльны лясны падатак — 1000 іен (каля $6) штогод з кожнага жыхара. Паралельна дзяржава стымулюе попыт на ўласную драўніну: доля айчыннага лесу ў вытворчасці ўжо павялічылася з 26% у 2010 годзе да амаль 42% у 2020-м.

Аднак замяніць лясныя масівы, якія займаюць больш за 2% усёй сушы Японіі, усяго за дзесяць гадоў — задача надзвычай складаная. Простай высечкі недастаткова: на месцы зрубаў трэба неадкладна высаджваць новыя дрэвы, каб прадухіліць эрозію глебы і не сарваць выкананне нацыянальных кліматычных мэтаў па паглынанні вугляроду.

У горадзе Кобэ ў Японіі на месцы былых монакультурных плантацый пачынаюць вяртацца натуральныя лясы. Фота: Foreign Press Center Japan / BBC

У розных прэфектурах ужо пачаліся праекты па рэнатуралізацыі — вяртанні лясоў да прыроднага стану. У горадзе Кобе, напрыклад, хвойныя плантацыі паступова ператвараюць у змешаныя шыракалістыя лясы. Выбарачная высечка і пасадка мясцовых відаў дрэў ужо даюць вынікі: на адноўленыя ўчасткі вяртаюцца рэдкія насякомыя, земнаводныя і жывёлы. Зрубленую драўніну выкарыстоўваюць для ацяплення, вырабу мэблі і вытворчасці традыцыйнага японскага белага вугалю, што дапамагае праектам стаць эканамічна самадастатковымі.

Разумеючы, што большая частка плантацый усё роўна застанецца на месцы, Японія развівае і тэхналагічныя метады барацьбы. Сёння ў краіне дзейнічаюць звышсучасныя сістэмы прагназавання, выкарыстоўваюцца тысячы робатаў-дэтэктараў пылку і выпрабоўваюцца новыя метады імунатэрапіі. Навукоўцы нават працуюць над стварэннем генна-мадыфікаванага рысу, спажыванне якога здольнае палягчаць алергічныя рэакцыі.

Дадатковай перашкодай стала глабальнае пацяпленне. З-за росту тэмператур дрэвы пачынаюць «пыліць» усё раней — у 2025 годзе ў Японіі быў зафіксаваны самы ранні старт сезона за ўсю гісторыю назіранняў. Гэта стварае двайную праблему: алергікі пакутуюць даўжэй, а лясы становяцца менш эфектыўнымі як паглынальнікі вуглякіслага газу. Старыя монакультурныя пасадкі, якія забяспечваюць палову ўсяго вугляроднага паглынання Японіі, з узростам губляюць сваю эфектыўнасць, што робіць іх абнаўленне пытаннем не толькі медыцынскім, але і кліматычным.

Паказальна, што да 1960‑х гадоў у японскай мове нават не існавала спецыяльнага тэрміна для палінозу. Гэтая праблема была ўпершыню апісана толькі ў 1963 годзе і тады лічылася рэдкай медыцынскай навінкай. Цяпер японцы спадзяюцца, што праз вяртанне да прыроднай разнастайнасці яны змогуць аднойчы зноў атрымліваць асалоду ад вясны без неабходнасці насіць маскі і прымаць лекі.

Каментары

Цяпер чытаюць

Як рыхтаваўся візіт Ціханоўскай у Кіеў і чаму ён некалькі разоў пераносіўся12

Як рыхтаваўся візіт Ціханоўскай у Кіеў і чаму ён некалькі разоў пераносіўся

Усе навіны →
Усе навіны

У Расіі супрацоўніцы бара, што зрабіла «кальян на кулічы», далі рэальны тэрмін — тры гады20

Беларусь задзейнічала авіяцыю для збіцця дронаў, якія залятаюць у Віцебскую вобласць 3

Сяргея Стрыбульскага з «Белага легіёна» асудзілі на тры з паловай гады і далі вялікі штраф

Хлопец, які чакаў дзяўчыну з букетам пад дажджом у Мінску, расчуліў Threads ВІДЭА9

Салігорац, які раней адбыў суткі за «Пагоню» і страціў працу, цяпер за кратамі за «Гаюна» і абразу службовай асобы1

Махляры загадалі мінчанцы прыйсці з усімі дакументамі да цэнтральнага ўваходу КДБ6

На станцыі метро ляжаў чалавек. Што адбылося?

Што стаіць за новымі пагрозамі Крамля «сістэмна біць па Кіеве» і каму яны накіраваныя?5

У Мінску прадаецца міні-кватэра ўсяго за 33 тысячы даляраў3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як рыхтаваўся візіт Ціханоўскай у Кіеў і чаму ён некалькі разоў пераносіўся12

Як рыхтаваўся візіт Ціханоўскай у Кіеў і чаму ён некалькі разоў пераносіўся

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць