Рэдактар адказвае на моўнае пытанне: Мы за дзвіж. І за варушняк таксама
«Паважаная рэдакцыя «Нашай Нівы»! Што за слова «дзвіж»? (Праверана ў Корпусе беларускай мовы.) Ё варушняк», — напісаў нам чытач. Адказваем.
Ілюстрацыйнае фота: LookByMedia
«Так імгненна ўсё перайначылася вакол нас: чалавечыя адносіны, умовы працы, звычаі. Нават сама наша псіхалогія карэнным чынам змянілася. Паняцці разлукі, адсутнасці, адлегласці, вяртання ўжо не месцяць у сабе ранейшай сутнасці, хоць словы засталіся і тыя ж самыя. Каб спасцігнуць цяперашні свет, мы карыстаемся мовай, якая адпавядала свету ўчарашняму. І нам здаецца, што некалі жыццё лепей адпавядала нашай натуры, але гэта адно таму, што яно лепей адпавядае нашай мове», — пісаў 99 гадоў назад у сваёй «Планеце людзей» Антуан дэ Сэнт-Экзюперы.
Лётчык там гаварыў пра свой час: калі развіццё тэхнікі пачало мяняць свет і псіхалогію людзей разам з ім, а словы для апісання свету і чалавека заставаліся тымі самімі, і яны сталі трапляць міма рэальнасці.
Сучасны слэнг — а ў большасці моваў свету новыя словы ўзнікаюць найбольш праз слэнг — бясконца самаабнаўляецца не толькі таму, што моладзь мае ўнутраную патрэбу і гаворкай аддзяляць сябе ад старэйшых. Ён яшчэ і таму, што свет увесь час і хутка — хутчэй, чым колісь, робіцца інакшы і людзі разам з ім. Кожнае новае пакаленне імкнецца дакладней апісваць усё больш складаны свет усё новымі словамі.
Моладзь кажа «чыліць», таму што «чыліць» — гэта трохі іншае, чым «адпачываць».
Моладзь кажа «скуф», таму што з'явіўся такі тыпаж людзей і ён адрозніваецца ад раней распаўсюджаных тыпажоў. Гэта не старпёр і не пярэстарак, гэта іншае.
Так і словы «дзвіж» і «дзвіжуха» ўзніклі, бо з'явіліся з'явы з новымі адценнямі сэнсу.
Так склалася, што моладзевы слэнг, як і слэнг айцішнікаў, у краінах былога СССР шмат у чым аднолькавы. Гэта такая рэальнасць. «Чыліць», «дзвіж», «скуф» ужываюць розныя народы.
Нават у літоўскай і латышскай мовай яго ўжываюць у слэнгу: dvižas і dvižūcha.
Маса слоў прыйшлі ў слэнг і з англійскай мовы — мовы тэхналогій і ІТ. Слова «аўтсорс» прыйшло ў мову не дзеля «моднасці», а таму што апішы ты гэтую эканамічную практыку адным беларускім словам.
Літоўцы, скажам, утвараюць новыя словы для такіх паняццяў: і для тачскрына, і для вэлнэса ў іх замацаваліся ўласныя словы. Але гэта таму, што ў іх над гэтым працуе шчодра фінансаваны дзяржавай мовазнаўчы інстытут. Нічога такога ў нас няма і пры акупацыі не будзе.
У слэнгу ёсць такая асаблівасць, што яго цяжка «штучна стварыць», «штучна прывучыць» да яго. Моладзь пасля ў сваіх тусоўках мэтава стварыла «варушняк» як сінонім «дзвіжу», і яно прыжылося.
А вось пісьменнік Леанід Дранько-Майсюк стварыў сінонім мабільніку — «далькажык», і яно не прыжылося.
«Наша Ніва» ўжывае і слова «варушняк», і слова «дзвіж». Гэта сінонімы — як бегемот і гіпапатам, чай і гарбата. Важна захоўваць лексічную разнастайнасць.
Таму што рэальныя беларускамоўныя беларусы кажуць і «дзвіж», не толькі «варушняк». Здаецца, «дзвіж» кажуць часцей.
Што да слова «дзвіж», то яно можа таму і ўвайшло ў мову натуральна, што яно мае стары, праславянскі корань, яно не пярэчыць «духу мовы». Слова «дзвігнуць» у ТСБМ не ўвайшло ў свой час — праз лексічную беднасць ТСБМ і яго вымушаную палітычнымі абставінамі русіфікаванасць, хоць яно масава ўжывалася ў гаворках.
«Дзвігнуць» азначала 1) выканаць цяжкую працу, справу, задачу, 2) рэзка ўдарыць.
«Колькі ж мы працы дзвігнулі!»
«Той як дзвігне, дык гэты як сноп пакаціўся».
Слова ўзыходзіць да праславянскага кораня dvigati (падымаць цяжкае, рухаць уверх).
Адсюль у мове і стараславянізм подзвіг = геройства, геройскі ўчынак, вялікая адвага.
Гэты праславянскі корань азначаў само дзеянне падняцця цяжару або руху. Ад гэтага дзеяслова ў польскай мове ўзніклі назоўнікі dźwignia (рычаг, вагар) і dźwig — ліфт, машына ці прылада ўздымаць людзей ці грузы. У чэшскай мове — zdvihat / zdvihnout.
Па-расейску гэты корань даў слова «движение». Па-беларуску ў гэтым значэнні ўжываецца слова «рух».
Па-расейску гэты корань даў і царкоўнаславянізм «воздвижение». Па-беларуску гэтае паняцце называецца «ўзвіжанне».
Але цяпер вось «дзвіж» у мову ўвайшоў.
«У краме «Лёля» культурны дзвіж стане рэгулярным», пісала выданне Hrodna.life.
«Я за ўсялякі дзвіж!» — чуў я ад былога палітвязня.
«Дзвіж» можа і пераможа «варушняк» яшчэ і таму, што яно карацейшае. А моладзь на доўгіх часавых перыядах аддае перавагу карацейшым опцыям.
«Двіж (або движ) — це молодіжне сленгове слово, яке означає активність, рух, тусовку чи організацію подій» — зафіксавалі ўжо ўкраінскія слоўнікі.
А персанальна — давайце не быць неафітамі, якія мяняюць словы на «абы не па-расейску». Моўная сістэма — гэта ж не толькі лексіка. Возьмем той сам прыклад з народнага:
«Колькі ж мы працы дзвігнулі!». Па-расейску «Сколько же мы тяжелой работы проделали!» — можа чуйныя расейскамоўныя людзі, якісь Салжаніцын, і прыгажэй тое сказалі б, я то не ўмею.
Семантыка і слова «праца» не такая, як у расейскага «работа». А для слова «дзвігнуць» і не падабраць адназначнага расейскага эквівалента. (І менавіта такія словы рэдка траплялі ў савецкі ТСБМ або фіксаваліся там як размоўныя, рэгіянальныя — пры ўсёй павазе да стваральнікаў таго ТСБМ.)
Мова «Нашай Нівы» не павінна быць выпусташаная, «слоўнікавая». Яна павінна адпавядаць жывой мове рэальных яе носьбітаў. Не бойцеся слэнгу — мова праз слэнг развіваецца. Наадварот, слэнг ратуе мову ад здранцвення, асабліва ва ўмовах абмежавання ўладамі сфер яе выкарыстання.