БЕЛ Ł РУС

У Дзятлаўскім раёне вясковец скраў 13 кубкаў, што пакідаліся каля святой крыніцы

25.08.2026 / 16:47

Nashaniva.com

Апошнюю конаўку ён забраў разам з ланцужком, якім посуд быў прывязаны, піша «Гродзенская праўда».

У Дзятлаўскім раёне з Жываноснай крыніцы ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына за некалькі месяцаў зніклі 13 кубкаў. Злодзея дапамагла знайсці фотапастка.

Крыніцу мясцовыя жыхары ўпарадкавалі самастойна: зрабілі зручныя сходы і пакінулі каля вады кубак, каб людзі маглі напіцца. Аднак з пачатку года посуд пачаў рэгулярна знікаць. Не спыніла злодзея нават конаўка, якую спецыяльна прымацавалі ланцужком.

Старшыня сельвыканкама звярнулася ў міліцыю, пасля чаго каля крыніцы паставілі схаваную фотапастку. Яна хутка зафіксавала момант крадзяжу.

Злодзеем быў жыхар адной з навакольных вёсак. У яго хаце за пазыкі адключылі ваду, таму мужчына рэгулярна прыходзіў да крыніцы з каністрамі. Заадно ён забіраў дадому кубкі, бо, паводле яго слоў, яму вельмі падабаліся прыгожа распісаныя вырабы.

Усе 13 скрадзеных кубкаў мужчына ўжо вярнуў у сельвыканкам. Аднак адказнасці яму пазбегнуць не ўдасца: за дробны крадзеж яму пагражае штраф ад 2 да 6 базавых адзінак або адміністрацыйны арышт.

Акрамя таго, міліцыя ўзмацніла кантроль за тэрыторыяй каля святой крыніцы. Прычынай сталі выпадкі распівання там алкаголю. Парушальнікаў грамадскага парадку абяцаюць прыцягваць да адказнасці.

Чытайце таксама:

На Магілёўшчыне чацвёра мужчын кралі паліва з дызель-цягніка

Пад Гомелем мужчына пасля пахавання брата пайшоў у краму красці

Мужчына выйшаў з турмы і адразу абакраў могілкі пад Мінскам

Каментары да артыкула