БЕЛ Ł РУС

Два жыхары Глыбоцкага раёна паўтара года абкрадалі вясковыя хаты, а спякліся на мапедзе

25.08.2026 / 18:28

Nashaniva.com

З верасня 2024 года да студзеня 2026‑га мужчыны ноччу абкрадалі малалюдныя вёскі ў Глыбоцкім, Докшыцкім, Пастаўскім і Шаркаўшчынскім раёнах, паведамляе Следчы камітэт.

Фота ілюстрацыйнае

Злодзеі прыязджалі на аўтамабілі і залазілі ў хаты, зрываючы дзвярныя засаўкі або дастаючы аконныя рамы. Забіралі пераважна рэчы, якія можна было здаць на металалом. Пасля дзверы і вокны ставілі назад, каб гаспадары не адразу заўважылі крадзеж.

Выкрыць зладзеяў удалося 3 студзеня 2026 года. Падчас чарговай вылазкі яны ўбачылі каля чужога дома мапед, пагрузілі яго ў сваю машыну і паехалі. Неўзабаве іх спыніў супрацоўнік ДАІ. Інспектар заўважыў мапед, пра крадзеж якога ўжо паведамілі сілавікам, і затрымаў мужчын.

Пацярпелымі па справе прызналі 54 чалавекі, а агульная сума нанесенай шкоды перавысіла 9000 рублёў. Частку шкоды — 4900 рублёў — абвінавачаныя ўжо кампенсавалі.

Як высветлілася, аднаму з мужчын 36 гадоў, ён працаваў і раней быў судзімы за крадзяжы. Яго 31‑гадовы напарнік не працаваў і меў судзімасць за крадзеж аўто.

Мужчынам выставілі абвінавачанне ў паўторным крадзяжы, здзейсненым групай асоб з пранікненнем у жыллё.

Чытайце таксама:

У Дзятлаўскім раёне вясковец скраў 13 кубкаў, што пакідаліся каля святой крыніцы

Мужчына з перапою прачнуўся ў разгромленай кватэры і пайшоў у міліцыю

На Магілёўшчыне чацвёра мужчын кралі паліва з дызель-цягніка

Каментары да артыкула