БЕЛ Ł РУС

Памёр Сяргей Логвін

26.08.2026 / 17:40

Nashaniva.com

Пра смерць вядомага беларускага скульптара Сяргея Логвіна паведамілі ягоныя сябры ў сацсетках. Яму было 67 гадоў.

Сяргей Логвін. Фота: Wikimedia Commons

Сяргей Логвін нарадзіўся 28 мая 1959 года ў Мінску. У 1974—1978 гадах вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы, а ў 1981—1987 гадах — у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Сярод яго выкладчыкаў былі Анатоль Арцімовіч, Генадзь Мурамцаў і Андрэй Анікейчык. Дыпломнай працай скульптара стаў манументальны твор, прысвечаны ваеннапалонным, расстраляным у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Пасля заканчэння інстытута Логвін працаваў выкладчыкам на кафедрах малюнка, жывапісу і скульптуры. Ён таксама ўзначальваў скульптурную секцыю Беларускага саюза мастакоў. У мастацкіх выставах удзельнічаў з 1985 года.

Логвін працаваў у жанрах манументальнай, станковай і мемарыяльнай скульптуры. Асноўныя матэрыялы, якія ён выкарыстоўваў, — граніт і бронза. Сярод яго вядомых работ — помнік падпольшчыкам, дэкаратыўныя дзверы Чырвонага касцёла ў Мінску, кампазіцыі «Еўропа», «Ева», «Партрэт сябра», «Песня», «Адам і Ева», «Страшны суд», а таксама рэльеф «Папараць-кветка» для Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Скульптар стварыў таксама помнікі на брацкіх магілах у Ганцавічах і Аранчыцах Пружанскага раёна. У Слоніме Логвін разам з Іванам Міско і Уладзімірам Піпіным працаваў над помнікам вялікаму гетману ВКЛ Льву Сапегу.

Сяргей Логвін быў лаўрэатам прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Чытайце таксама:

Памёр пісьменнік Ігнат Карповіч

39‑гадовы акцёр Павел Канёк памёр у рэанімацыі

Памёр адыёзны славянафіл і камуніст Сяргей Касцян

Каментары да артыкула