Два супрацоўнікі аэрапорта Франкфурта памерлі ад малярыі. Былі і іншыя выпадкі захворвання
У Франкфурце-на-Майне з сярэдзіны ліпеня зафіксавалі шэсць выпадкаў захворвання на малярыю, два з якіх скончыліся смерцю. Абодва памерлыя былі супрацоўнікамі аэрапорта. Медыкі мяркуюць, што людзі маглі заразіцца пасля ўкусаў камароў, якія трапілі ў Германію на борце самалётаў з рэгіёнаў, дзе распаўсюджаная гэтая хвароба, піша Deutsche Welle.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: pixabay.com
Першы смяротны выпадак адбыўся яшчэ ў пачатку ліпеня, але спачатку не было вядома, што прычынай смерці стала малярыя. Гэта высветлілася пасля таго, як у жніўні памёр яшчэ адзін работнік аэрапорта з такім жа дыягназам. Пра гэта 26 жніўня паведаміла гарадское ўпраўленне аховы здароўя, а таксама кампанія Fraport, якая кіруе аэрапортам.
Па словах спецыялістаў, гаворка ідзе пра трапічную малярыю — найбольш небяспечную форму захворвання. Другі памерлы, як паведамляецца, займаўся абслугоўваннем самалётаў.
Улады лічаць, што заражэнне адбылося менавіта праз укусы камароў. Перадача малярыі ад чалавека да чалавека сустракаецца вельмі рэдка. У асноўным гэта магчыма пры пераліванні заражанай крыві або праз траўму заражанай іголкай.
Пасля выяўлення выпадкаў Fraport распачала шырокую інфармацыйную кампанію для сваіх работнікаў. Супрацоўнікам, асабліва тым, хто працуе з грузамі, тэхнікай або непасрэдна на тэрыторыі паміж тэрміналам і ўзлётна-пасадачнымі палосамі, рэкамендавалі пры з'яўленні тэмпературы і іншых сімптомаў ліхаманкі неадкладна звяртацца да лекара і паведамляць пра магчымасць заражэння малярыяй у аэрапорце.
Калі ўзнікаюць сумневы наконт дыягназу, работнікам раяць звяртацца ў медыцынскія ўстановы, якія спецыялізуюцца на трапічных захворваннях, у тым ліку ва ўніверсітэцкую клініку Франкфурта-на-Майне.
Акрамя таго, некалькі тыдняў таму на тэрыторыі аэрапорта паставілі спецыяльныя пасткі для камароў. Адлоўленых насякомых адпраўляюць у Інстытут трапічнай медыцыны ў Антверпене, дзе іх даследуюць, каб высветліць, ці з'яўляюцца яны пераносчыкамі малярыі і адкуль маглі трапіць у Германію.
Малярыя найбольш распаўсюджаная ў Афрыцы, Азіі і Паўднёвай Амерыцы. У самой Германіі штогод рэгіструюць прыкладна 500—600 выпадкаў захворвання, завезеных з-за мяжы.
Чытайце таксама:
У Беларусі сталі сустракаць рэдкіх камароў. Чым яны небяспечныя?
Гэтая расліна адпужвае камароў не горш за самую папулярную хімію
Google збіраецца выпусціць 32 мільёны няпростых камароў у Каліфорніі і Фларыдзе