БЕЛ Ł РУС

«Не магу вызваліць палітзняволеных, але магу палепшыць жыццё аднаго чалавека». Беларуска расказала, як стала прыёмнай маці

27.08.2026 / 08:10

Nashaniva.com

Пасля пратэстаў 2020 года і пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне Вольга ўсё мацней адчувала ўласную бездапаможнасць перад тым, што адбываецца вакол. Тады яна вырашыла зрабіць тое, на што сапраўды магла паўплываць: на пачатку 2023 года ў Беларусі ўзяла пад апеку сямігадовага Андрэя, які страціў зрок пасля цяжкай хваробы.

Фота: Magnific 

Чаму яна рашылася на такі ўчынак, што было далей і чаму цяпер яна заахвочвае іншых беларусаў задумацца пра апеку і ўсынаўленне Вольга расказала «Белсату».

«Я магу зрабіць нешта добрае хаця б для аднаго чалавека»

Упершыню з сіроцтвам Вольга (імя змененае ў мэтах бяспекі) сутыкнулася яшчэ ў маладым узросце. Калі па вучобе яна трапіла ў дзіцячую лякарню, яна пабачыла там дзяцей, якіх забралі з сем’яў і якія чакалі абследавання ў ізалятарах без блізкага чалавека.

Асабліва ёй запомнілася, як такія дзеці рэагавалі на агляды. Калі дзеці, якія ляжалі разам з бацькамі, плакалі і пратэставалі, тыя, хто застаўся без сям’і, часта заціхалі і ўсміхаліся нават падчас непрыемных працэдур.

«Яны радаваліся любой кропельцы ўвагі, нават калі ім было страшна ці дыскамфортна. Яны былі гатовыя цярпець гэта за любую ўвагу. А потым дактары сыходзілі, і яны зноў заставаліся адныя», — узгадала Вольга.

Тады яна ўпершыню падумала, што хацела б дапамагчы такому дзіцяці, але была дваццацігадовай студэнткай без неабходных для гэтага рэсурсаў.

Праз гады пачуццё бездапаможнасці вярнулася ўжо з іншай прычыны. Пасля выбараў 2020 года Вольга ўдзельнічала ў пратэстах. Масавыя затрыманні і гвалт, а пазней поўнамаштабнае ўварванне Расеі ва Украіну выклікалі ў яе адчуванне, што яна бачыць вялікае зло, але не можа яго спыніць.

«Некалькі месяцаў я была ў такім стане бездапаможнасці і жадання хоць нешта зрабіць. І, пэўна, рашэнне ўзяць дзіця стала для мяне спосабам перайсці да дзеяння», — расказала Вольга.

«Не магу вызваліць палітзняволеных, не магу забраць нікога з-за плоту. Але ёсць іншы плот, з-за якога я магу кагосьці забраць і прывесці дадому. Я магу зрабіць нешта добрае хаця б для аднаго чалавека», — тлумачыць яна.

«Дзіця з інваліднасцю спецыяльна не шукала»

Вольга шукала дзіця старэйшага ўзросту, каб мець магчымасць сумяшчаць працу і выхаванне. Праглядаючы анкеты дзяцей, якія чакалі сям’ю, яна пабачыла сямігадовага Андрэя (імя змененае ў мэтах бяспекі). Хлопчык нарадзіўся відушчым, але пасля цяжкай хваробы страціў зрок.

«Я не шукала дзіця менавіта з інваліднасцю. Проста мне спадабаўся канкрэтны хлопчык, і ён аказаўся невідушчым», — расказала Вольга.

Да асабістай сустрэчы з Андрэем Вольга ўжо амаль прыняла рашэнне. Яна купіла мэблю і падрыхтавала для яго месца дома, хоць яшчэ не мела накіравання на знаёмства і не ведала ўсіх падрабязнасцяў пра яго здароўе. Калі сустрэча нарэшце адбылася, сумневы зніклі.

Ад першага звароту ў аддзел адукацыі да дня, калі яна прывяла хлопчыка дадому, прайшло каля пяці месяцаў. «Хутчэй, чым цяжарнасць», — жартуе яна.

Вользе трэба было прадставіць звесткі пра даходы, даведку аб несудзімасці, прайсці псіхалагічнае даследаванне і абследаванне жыллёвых умоваў. У чыноўнікаў узнікалі пытанні і праз тое, што яна была адна і хацела ўзяць дзіця з інваліднасцю. Асабліва запомнілася гісторыя з актам абследавання жылля. Паколькі ў дакуменце не было асобнай фразы, што там можа жыць дзіця з інваліднасцю, супрацоўніца, паводле Вольгі, перапісвала яго 14 разоў.

«У сістэме ёсць розныя людзі. Ёсць тыя, хто думае: абы чаго не выйшла. А ёсць людзі, якія гатовыя зрабіць кучу папяровай працы, каб проста гэтае дзіця было дома», — сказала Вольга.

«Маці не адмовілася. Яна не дала рады»

Сябры Вольгі пераважна падтрымалі яе рашэнне, бацька паставіўся да яго спакойна, хоць і здзівіўся. Значна цяжэй было з маці. Яна баялася, што дачка «сапсуе сабе жыццё», і нават спрабавала размаўляць з прадстаўнікамі органаў апекі, каб Вользе не перадалі дзіця. Некалькі месяцаў маці і дачка амаль не размаўлялі.

Пазней адносіны наладзіліся. Маці Вольгі папрасіла прабачэння, пачала размаўляць з Андрэем, цяпер хлопчык называе яе бабуляй.

Сам Андрэй стаў называць Вольгу мамай прыкладна праз год.

Яна параўноўвае адаптацыю прыёмнага дзіцяці з эміграцыяй: чалавек трапляе ў новы свет, не ведае яго правілаў і мусіць паступова «прырасці» да новага жыцця.

Вольга ад пачатку не хацела, каб новае жыццё Андрэя азначала разрыў з усім, што было да яе. Пасля таго як хлопчык пераехаў да яе, яна дала яму магчымасць звязацца з кроўнай маці, бабуляй і сёстрамі. Пакуль яны жылі ў Беларусі і гэта было магчыма, Андрэй сустракаўся з імі, а цяпер падтрымлівае сувязь на адлегласці.

Вольга кажа, што для прыёмнага дзіцяці важна не толькі атрымаць новую сям’ю, але і не страціць сваю гісторыю.

«У дрэва павінны быць карані. Мы перасаджваем дрэва на новую глебу, але не трэба абіраць з каранёў усю зямлю. Нельга адмаўляць мінулае чалавека, яго ідэнтычнасць і тое, ад каго ён нарадзіўся», — патлумачыла Вольга.

Зноў прытулак

Праз некалькі гадоў палітычны пераслед закрануў ужо іх сям’ю. У дачыненні Вольгі распачалі крымінальную справу за ўдзел у пратэстах, яе затрымалі. Андрэй на два тыдні зноў трапіў у прытулак.

Вольга разумела: калі атрымае судзімасць, можа страціць права быць апякункай. Паводле яе, два тыдні ў прытулку сталі для Андрэя паўторнай траўмай. Хлопчыка не вадзілі ў школу, з яго здзекаваліся іншыя дзеці, а выхавацелі, як сцвярджае Вольга, не звярталі на гэта належнай увагі.

«Гэта была рэтраўматызацыя. Ён ужо быў траўмаваны тым, што страціў першую сям’ю, хваробамі, рэанімацыямі. Пасля прытулку ягоны стан пагоршыўся. Цяпер ужо больш стабільна, але гэта быў вельмі цяжкі час для нас абодвух», — расказала Вольга.

Пасля гэтага Вольга і Андрэй з’ехалі з Беларусі.

Пераезд азначаў новую школу і новую мову, якую Андрэю трэба было засвойваць яшчэ і праз шрыфт Брайля. Спачатку гэта было вельмі цяжка, але цяпер, кажа Вольга, іх жыццё стабілізавалася. Яна не называе краіну знаходжання ў мэтах бяспекі. Адзначае толькі, што там Андрэю даступны значна шырэйшы пералік тэхнічных сродкаў рэабілітацыі: ноўтбук, праграмнае забеспячэнне з сінтэзатарам маўлення, брайлеўскі дысплей.

У будучыні Вольга хацела б, каб сын мог вучыцца ў звычайнай школе. «У невідушчага дзіцяці, як і ў дзіцяці з іншай формай інваліднасці, павінен быць выбар: навучацца ў спецыяльных умовах ці ў агульнаадукацыйнай школе», — лічыць яна. Спецыяльную школу Вольга ў ідэале бачыць не абавязкова як ізаляванае месца навучання, а як рэсурсны цэнтр: дзе дзіця можа сустракацца з іншымі людзьмі з парушэннямі зроку, а спецыялісты — дапамагаць настаўнікам звычайных школ.

Чаму дзеці ўсё яшчэ застаюцца ў сістэме

Паводле Вольгі, у Беларусі ўжо шмат гадоў дэкларуецца курс на дэінстытуалізацыю: колькасць дзіцячых дамоў скарачалася, развіваліся дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Яна кажа, што быў перыяд, калі прытулкі істотна апусцелі, бо дзяцей удавалася размяшчаць у сем’ях.

Аднак цяпер, лічыць Вольга, сістэма буксуе. Сярод прычынаў — недахоп людзей, гатовых працаваць бацькамі-выхавацелямі ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу. Такая праца фактычна не заканчваецца ні ўвечары, ні ў выходныя, а мяжа паміж прафесійным і асабістым жыццём амаль знікае.

Найцяжэй знайсці сем’і для падлеткаў і дзяцей з інваліднасцю. Чым старэйшае дзіця, тым больш у яго ўжо ўласнага досведу, звычак і ўяўленняў пра жыццё. Дзеці з інваліднасцю часта патрабуюць дадатковай рэабілітацыі, часу, фінансавых і эмацыйных рэсурсаў.

«Я не кажу, што кожны і кожная павінны гэта зрабіць. Але магчымасць ёсць шмат у каго. Калі ў мяне атрымалася, значыць, і ў кагосьці іншага можа атрымацца», — кажа Вольга.

Калі сям’ю знайсці не ўдаецца, дзіця з інваліднасцю можа трапіць у дзіцячы дом-інтэрнат, а пасля паўналецця — у інтэрнат для дарослых. Пры гэтым, падкрэслівае яна, многія з такіх дзяцей маглі б жыць значна больш самастойна, калі б своечасова трапілі ў сям’ю і атрымалі неабходную падтрымку.

Для Вольгі гэта адна з галоўных прычынаў гаварыць пра ўсынаўленне і апеку публічна. Яна бачыць праблему не толькі ў тым, што дзіця пазбаўлена бацькоў, але і ў тым, што ўстанова можа стаць першым звяном у цэлым ланцугу закрытых установаў.

«Нават вельмі добры дзіцячы дом траўмуе»

Вольга не абвінавачвае супрацоўнікаў дзіцячых установаў. Наадварот, яна кажа, што сустракала шмат людзей, якія рабілі для дзяцей больш, чым ад іх патрабавалася. Праблему яна бачыць у самой сістэме.

«Нават вельмі добры дом дзіцяці траўмуе. Проста таму, што там няма сям’і і ёсць гэтая несвабода», — сказала яна.

У сям’і таксама ёсць графік і правілы, але дзіця можа хаця б часткова ўплываць на ўласнае жыццё: папрасіць дазволу пайсці гуляць, выбраць занятак, мець свае рэчы і час. Ва ўстанове, кажа Вольга, такіх магчымасцяў значна менш.

Вольга дагэтуль часам заходзіць у базу дзяцей, якія шукаюць сям’ю, і бачыць там тых, хто жыў разам з Андрэем. Мінаюць гады, яны становяцца падлеткамі, а потым амаль дарослымі, але застаюцца ў сістэме. Асабліва ёй запомнілася дзяўчынка з інваліднасцю, якую яна ўпершыню пабачыла малой, а праз некалькі гадоў — ужо амаль дарослай. «Ты бачыш чалавека з зусім патухлым позіркам, які ўжо ні на што не спадзяецца. Далей адзін інтэрнат, другі інтэрнат — і ўсё жыццё», — расказала Вольга.

Менавіта таму Вольга заклікае беларусаў хаця б задумацца пра апеку ці ўсынаўленне. Яна падкрэслівае: гэта не абавязак кожнага, і чалавек мае права разумець, што цяпер у яго няма неабходнага рэсурсу. Тым, хто ўсё ж разглядае такую магчымасць, Вольга раіць збіраць інфармацыю, праходзіць падрыхтоўку, шукаць іншых прыёмных бацькоў і дапамогу спецыялістаў.

«Ёсць такая прымаўка: «Каб вырасціць дзіця, патрэбная цэлая вёска». Вось тут сапраўды патрэбная цэлая вёска. Ніколі не трэба заставацца сям’ёй сам-насам», — сказала яна.

Адаптацыя, папярэджвае Вольга, можа доўжыцца месяцы і нават гады. Дзіця, якое прайшло праз сіроцкую сістэму, прыходзіць у новую сям’ю ўжо са сваім досведам, страхамі і спосабамі абараняцца. Таму падтрымка патрэбная не толькі дзіцяці, але і дарослым.

Сама Вольга не лічыць сябе чалавекам з выключнымі магчымасцямі. «Я адна, без мужа, у мяне не вельмі высокія даходы, не вельмі моцнае здароўе і не вельмі моцная нервовая сістэма. Але я ж змагла. Значыць, хто-небудзь іншы таксама зможа», — кажа яна.

Для Вольгі гэта не гісторыя пра геройства і не спроба выратаваць усіх. «Гэта не спыніць вайну і не зрыне сістэму. Але мы можам проста палепшыць жыццё аднаго чалавека», — падсумоўвае яна.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула