Уладальнік мінскіх аквапаркаў атрымаў права гнаць самагонку
Камунальнае прадпрыемства «Аква-Мінск» увайшло ў пералік арганізацый, якім у Беларусі дазволена вырабляць так званыя «арыгінальныя алкагольныя напоі» — у тым ліку самагонку, заўважыла выданне «Белорусы и рынок».
Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com
«Аква-Мінск» вядомы як аператар аквапаркаў «Лябяжы» і «Мандарын», фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Серабранка», сеткі гатэляў, медцэнтра і тэніснага комплексу. Прадпрыемству таксама падпарадкоўваюцца парк-гатэль «На тым беразе» і гісторыка-культурны комплекс «Лошыцкі».
Як вынікае з пастановы Савета Міністраў, ліцэнзія на вытворчасць самагону будзе дзейнічаць менавіта ў падраздзяленні, звязаным з «Лошыцкім».
Цяпер у абноўленым дзяржаўным спісе налічваецца 28 вытворцаў самагонкі. Сярод іх — лясгасы, запаведнікі, фермерскія гаспадаркі і буйныя турыстычныя комплексы, у тым ліку «Чырвоны Бор», «Дудуткі», «Станькава», «Каробчыцы» і «Наносы».
Раней у спісе было 30 прадпрыемстваў, але два з іх збанкрутавалі. Сярод іх — «Гасцінны маёнтак», які працаваў на тэрыторыі гарналыжнага комплексу «Лагойск», а таксама прадпрыемства пры гатэлі-сядзібе «Вішнёвы сад» у Магілёўскай вобласці.
Чытайце таксама:
На Шчучыншчыне ліквідавалі падпольны бровар
У Маларыце мужчына атрымаў траўмы пры выбуху самагоннага апарата