БЕЛ Ł РУС

Будуць судзіць завочна стваральнікаў Dissidentby

28.08.2026 / 18:46

Nashaniva.com

Следчы камітэт паведаміў пра завядзенне спецвытворчасці ў дачыненні да Вячаслава Касінерава і Марыны Касінеравай — стваральнікаў праваабарончай ініцыятывы Dissidentby.

Марына і Вячаслаў Касінеравы

Вячаслава Касінерава абвінавачваюць у «стварэнні экстрэмісцкага фармавання», «распальванні сацыяльнай варожасці», «распаўсюдзе хлуслівых звестак» пра Беларусь, «публічнай абразе прэзідэнта Беларусі» і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».

Марыну Касінераву абвінавачваюць у «стварэнні экстрэмісцкага фармавання», «паўторным стварэнні экстрэмісцкага фармавання», «распальванні сацыяльнай варожасці», «распаўсюдзе заведама хлуслівых звестак» пра Беларусь, «публічнай абразе прэзідэнта Беларусі», «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» і «паўторным садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».

Прадстаўнікі беларускага анархісцкага руху, сужонцы Марына і Вячаслаў Касінеравы, — адны з заснавальнікаў ініцыятывы Dissidentby, якая дапамагае палітвязням і іншым людзям, рэпрэсаваным у Беларусі. Ініцыятыва асабліва засяроджваецца на дапамозе тым, каго па розных прычынах праваабаронцы не прызналі палітычнымі зняволенымі.

Таксама Следчы камітэт паведаміў пра пачатак спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да яшчэ аднаго беларуса — Яўгена Разумко.

Яму інкрымінуюць удзел у масавых беспарадках з непасрэдным ужываннем гвалту, а таксама замах на забойства супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у сувязі з выкананнем імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку.

Чытайце таксама:

Сяргея Міхалка афіцыйна аб’явілі «экстрэмістам»

Вынесены завочны прысуд Сяргею Міхалку

Рагачоўскага актывіста Дзяніса Дашкевіча абвінавачваюць у падрыхтоўцы замаху на дзяцей Ціханоўскай

Паўлу Міцкевічу, які з'ехаў з Беларусі яшчэ ў 2000-х, завочна прысудзілі пяць гадоў калоніі

Каментары да артыкула