БЕЛ Ł РУС

Спадкаемцы «Вострава чысціні» закрываюць крамы і фіксуюць страты

28.08.2026 / 19:33

Nashaniva.com

Пяць гадоў таму сетка «Востраў чысціні і смаку» налічвала 750 аб’ектаў і была адным з лідараў беларускага рытэйлу. Заснавальнік бізнэсу Віктар Рамук кантраляваў не толькі розніцу, але і фабрыку бытавой хіміі «Ромакс», сетку аптэк і шэраг іншых профільных актываў. Аднак у 2022 годзе бізнэс даў трэшчыну на фоне фінансавых пралікаў, даўгавой нагрузкі і прэтэнзій з боку кантрольных структур. Вынікам стала банкруцтва кампаній групы «Ромакс». Пазней гандлёвыя плошчы, якія вызваліліся, пачалі займаць новыя гульцы. Выданне Office Life расказвае, што адбываецца з імі цяпер.

Фота: Office Life

«Востраў» / «Вінаполіс»

У 2024 годзе кантроль над часткай крам «Востраў чысціні і смаку», якая засталася, перайшоў да ТАА «АйландГруп» (некалькі дзён яе ўладальнікам прабыў Аляксандр Пупал, потым уласнікам стаў грамадзянін Расіі Аляксей Макшанцаў).

У канцы 2025 года новы аператар правёў рэбрэндынг: гандлёвыя аб’екты працягнулі працу пад абсечанай шыльдай «Востраў», а пазней на рынку з’явіліся спецыялізаваныя пункты «Вінаполіс».

Фота: Office Life

На той момант абноўленая сетка налічвала 55 крам. Аднак цяпер назіраецца тэндэнцыя да скарачэння бізнэсу. Паводле даных афіцыйнага сайта рытэйлера, у сетцы лічацца толькі 34 аб’екты.

Але, як заўважыў Office Life, у дзейных крамах можна ўбачыць паўпустыя паліцы, а шэраг гандлёвых пунктаў працуе толькі да 31 жніўня. Сайты і сацыяльныя сеткі брэндаў не абнаўляліся з канца ліпеня.

Фота: Office Life

У маі 2026 года пасаду дырэктара сеткі пакінуў Канстанцін Старавойтаў, пра што ён паведаміў у сацсетках.

За 2025 год выручка «АйландГруп» склала 35,5 мільёнаў рублёў, чыстыя страты — амаль 11,5 мільёнаў рублёў.

«ДНЦ-маркет»

Паралельна ў пачатку 2025 года былы топ-менеджар групы «Ромакс» Анатоль Прыгодзіч стварыў кампанію «ДНЦ-Маркет», якая пачала адкрываць крамы пад аднайменнай гандлёвай маркай. Яе першы аб’ект адкрыўся ў Жодзіне. Наступная крама з’явілася ў сталіцы на рынку «Уручча-3». Была ідэя стварыць крамы «сапраўды нізкіх цэн» (ДНЦ — «действительно низкие цены»). Фармат пазіцыянаваўся як гібрыд класічнай крамы і зручнай складской прасторы. Пры гэтым было абвешчана пра партнёрства з фабрыкай «Ромакс».

Фота: «Яндэкс Карты»

Кампанія анансавала запуск сеткі па ўсёй краіне. Паводле даных Гандлёвага рэестра, за арганізацыяй цяпер лічыцца 12 аб’ектаў (два апошнія былі зарэгістраваныя ў канцы сакавіка 2026 года ў мінскім ГЗЦ «Цівалі» і ў Лідзе). Прыкметна, што частка крам адкрывалася на былых лакацыях «Вострава чысціні».

Аднак маштабаваць бізнэс не ўдалося. Згодна з інфармацыяй з часопіса «Юстиция Беларуси», з сярэдзіны жніўня «ДНЦ-Маркет» знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі па рашэнні ўласнікаў.

Паводле апошніх даных, у кампаніі засталося два ўладальнікі: Анатолю Прыгодзічу належыць 88%, а 12% кантралюе мінскае ТАА «ЛінваРэнт» (увайшло ў склад заснавальнікаў у чэрвені 2026 года).

У пачатку года кампанія актыўна шукала інвестараў для ўваходу ў рознічны бізнэс. Разглядаліся розныя варыянты: ад прыцягнення зваротнай пазыкі да перадачы долі ва ўстаноўчым капітале з правам удзелу ў аператыўным кіраванні.

Да пачатку працэдуры ліквідацыі ў кампаніі змянілася шэсць кіраўнікоў. Паказальна, што апошнім дырэктарам стаў сам заснавальнік «Вострава чысціні» Віктар Рамук, які прапрацаваў на гэтай пасадзе з 19 мая па 18 жніўня 2026 года.

Незадоўга да закрыцця, у сярэдзіне ліпеня 2026 года, «ДНЦ-Маркет» перадаў правы на чатыры таварныя знакі (HAPPY HOUSE, «КРЕПЫШ», «ЭКОНОМЬ-КА» і MISTER LUDWIG) кампаніі «Фабрыка Ромакс».

Што тычыцца фінансавых паказчыкаў, то за 2025 год «ДНЦ-Маркет» спрацаваў з чыстымі стратамі ў 633 тысяч рублёў пры выручцы ў 842 тысяч.

Чытайце таксама:

«Востраў чысціні» адкрываюць пад новай назвай

Што цяпер з крамамі «Востраў чысціні»?

Стала вядома, каму адышла частка «Вострава чысціні»

Брэнд збанкрутаванай сеткі «Востраў чысціні і смаку» новыя ўласнікі абяцаюць захаваць

«Не магла нават уявіць, што такая сетка згалее». Што адбываецца з «Востравам чысціні», распавялі прадаўцы

«Востраў чысціні» адкрые крамы, якія зачыніліся — уладальнік сеткі знайшоў расійскага інвестара

Каментары да артыкула