БЕЛ Ł РУС

Памерла Галіна Філіпаўна з Гродна, якой летам 2020 года на ўсю краіну абураўся Лукашэнка

29.08.2026 / 09:24

Nashaniva.com

Галіне Андрэйчык было 87 гадоў.

Галіна Андрэйчык. Фота: Радыё Свабода

Пра Галіну Філіпаўну Андрэйчык краіна даведалася шэсць гадоў таму, 29 мая 2020 года. 

81‑гадовая жанчына, ветэран працы, выйшла на плошчу ў Гродне і дала кранальнае інтэрв'ю Сяргею Ціханоўскаму.

Блогер абняў бабулю, а тая назвала яго ў адказ «сынком». Таксама жанчына выказалася пра сітуацыю ў Беларусі.

«Дзякуй, што выйшлі на вуліцу. Не бойцеся. Не бойцеся. Калі я памру, я ўсё ж буду ведаць, што зрабіла глыток свабоды. Дзякуй табе, дзетанька, дзякуй табе, сыночак», — сказала падчас стрыму сівая жанчына.

У той самы дзень Сяргея Ціханоўскага ў выніку правакацыі затрымалі, на волю ёй выйшаў толькі праз пяць гадоў.

Але 4 чэрвеня на Галіну Філіпаўну звярнуў увагу Лукашэнка, які ў сваёй традыцыйнай грэблівай манеры выказаўся пра жанчыну, якая нібыта «крычала, гарлала» і жыве ў «палацы».

«Чаго табе не хапае?» — задаўся ён пытаннем.

Вечарам таго ж дня ў эфіры БТ паказалі дом жанчыны з дрона агучылі на ўсю краіну спіс яе маёмасці: кватэра ў цэнтры Гродна, «катэдж» — як яны выразіліся, «дзве недабудаваныя фазэнды», мікрааўтобус-«трохгодка» мінімум за 25 тысяч даляраў.

Галіна Філіпаўна потым расказала журналістам незалежных СМІ, што цкаванне моцна ўзрушыла яе, і яна жыла на снатворным і супакаяльных.

Галіна Андрэйчык расказвала, што сапраўды ў яе ёсць дом, які яна пабудавала ў 1990‑х гадах. Дом будавалі 38 гадоў, сваімі рукамі. Грашыма сям’і дапамагалі сваякі з Аўстраліі. Дзядзька Уладзімір і цётка Аліна эмігравалі туды пасля апошняй вайны.

Жанчына тлумачыць, што стаж у яе — 52 гады, яна выкладала эканамічную тэорыю ў гродзенскіх універсітэтах. За гэты час ашчаджала грошы, адклала сабе на пахаванне $5 тысяч, каб родныя маглі з ёй нармальна развітацца. Двое сыноў у 2020 годзе жылі і працавалі ў Расіі. А другі дом на ўчастку будаваўся для наступнага пакалення сям'і.

Галіна Андрэйчык абуралася, што яе прыватную тэрыторыю паказалі з дрону без дазволу: «Ці ж гэта можна рабіць, скажыце? Чым чалавек багацейшы, тым і краіна будзе багацейшая».

Галіна Філіпаўна памерла 16 ліпеня 2026 года. Ёй было 87 гадоў. Пахаваная на могілках у вёсцы Аульс ля Гродна.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула