БЕЛ Ł РУС

Сваякі каскадзёра, які ледзь не загінуў на аўташоу ў Лідзе, расказалі, што з ім цяпер

29.08.2026 / 17:41

Nashaniva.com

Сваякі блогера-трукача Арцёма Пракапенкі, які ў сярэдзіне жніўня атрымаў цяжкія траўмы падчас аўтамабільнага шоу «Тачкі.Пікнік», запісалі відэа, у якім расказалі пра ягоны цяперашні стан і аб'явілі пра збор для ягонай рэабілітацыі.

Арцём Пракапенка

У відэа мужчына і жанчына, якія прадставіліся як сваякі Арцёма, паведамляюць, што каскадзёр знаходзіцца ў бальніцы і ў яго цяжкая чэрапна-мазгавая траўма. Наперадзе ў блогера вельмі доўгая і цяжкая рэабілітацыя. 

Паколькі многія выказваюць жаданне нечым дапамагчы, сваякі адкрылі дабрачынны рахунак, сабраныя сродкі з якога пойдуць на аднаўленне Арцёма. 

«Арцём як толькі зможа, абавязкова запіша відэа, як праходзіць ягоная рэабілітацыя, як ён сябе адчувае, а пакуль мы просім тых, хто хацеў бы, пасадзейнічаць», — гаворыць жанчына. 

Сваякі ўпэўненыя, што ў Арцёма ўсё атрымаецца, бо ён моцны. Таксама яны просяць устрымацца ад негатыўных каментарыяў і «дачы суб'ектыўнай ацэнкі таго, што адбылося». 

Арцём Пракапенка — адзін з самых вядомых каскадзёраў Беларусі. У свае 24 гады ён мае больш за 80 тысяч падпісчыкаў у інстаграме, дзясяткі мільёнаў праглядаў у сацсетках, а таксама падпісаў дамову з Red Bull і стаў амбасадарам брэнда.

Няшчасце з ім адбылося падчас аўтамабільнага шоу «Тачкі. Пікнік», якое праходзіла ля сцен Лідскага замка 15 жніўня. Арцём падчас выканання труку стаяў на вялікай бочцы. Ён падскочыў і ўжо ў паветры яго на хуткасці збіла адна з машын, якія дрыфтавалі.

Чытайце таксама:

На аўташоу ў Лідзе ледзь не загінуў адзін з самых знакамітых каскадзёраў Беларусі — яго відэа сабралі амаль паўмільярда праглядаў. Што з ім цяпер?

Як 23‑гадовы хлопец з гомельскай вёскі збірае сотні мільёнаў праглядаў на каскадзёрскіх труках і мае кантракт з Red Bull

Каскадзёры скакалі з самага высокага будынка Мінска

Каментары да артыкула