БЕЛ Ł РУС

У ЗША блогер пагладзіў у нацыянальным парку сурка і атрымаў праблемы

29.08.2026 / 18:15

Nashaniva.com

Амерыканскага блогера Джарэда Шульта аштрафавалі на 230 даляраў за тое, што ён дакрануўся да сурка ў нацыянальным парку Маўнт-Рэйнір у штаце Вашынгтон, паведамляе выданне SFGATE.

Скрыншот з відэа

23‑гадовы Шульт, які жыве ў Тэхасе і мае каля 171 тысячы падпісчыкаў у інстаграме, у пачатку жніўня падчас паходу па папулярным маршруце Skyline Trail убачыў сурка. Жывёліна сама падышла да блогера і прыціснулася да яго нагі, пасля чаго мужчына пачухаў яе па спіне. Ягоны сябар зняў гэта на відэа, а пазней Шульт апублікаваў ролік у сацсетках.

Пасля публікацыі частка карыстальнікаў раскрытыкавала блогера за занадта блізкі кантакт з дзікай жывёлінай. Неўзабаве ў каментарах з'явілася папярэджанне ад чалавека, які прадставіўся супрацоўнікам парку і паведаміў, што з Шультам звяжуцца рэйнджары.

На наступны дзень блогеру патэлефанавалі з нумара штата Вашынгтон. Ён не адказаў на незнаёмы званок, пасля чаго рэйнджар патэлефанаваў ягоным бацькам і паведаміў ім пра будучы штраф. Пазней Шульт усё ж пагаварыў з супрацоўнікам парку і папрасіў прабачэння.

За парушэнне федэральных правіл яму выпісалі штраф у 230 даляраў. Прытым спачатку рэйнджар казаў, што за такое парушэнне можа пагражаць штраф да 5 тысяч даляраў і да шасці месяцаў зняволення.

Правілы нацыянальнага парку Маўнт-Рэйнір забараняюць наведвальнікам карміць і дакранацца да дзікіх жывёл, у тым ліку суркоў, бурундукоў і суслікаў. Таксама ад жывёл неабходна трымацца на адлегласці не меншай за 50 ярдаў — больш за 45 метраў.

Шульт прызнаў, што парушыў правілы, але палічыў дзеянні рэйнджараў адносна кантакту з ім і ягонымі бацькамі безадказнымі. Пры гэтым блогер заявіў, што да гэтага проста не задумваўся пра забарону, бо бачыў іншых людзей побач з дзікімі жывёламі.

Ён таксама прызнаўся, што дагэтуль не ведае, адкуль супрацоўнікі парку атрымалі ягоны нумар тэлефона і кантакты ягоных бацькоў.

Чытайце таксама:

Беларускія зубры, якіх узімку прывезлі ў Башкартастан, за тыдзень абраслі доўгай поўсцю

У Жлобінскім раёне пасябравалі свойскі конь і дзікі алень ФОТЫ

Дачнік з-пад Гомеля падаў у суд на суседа за тое, што той трымае пеўняў. І нават падлічыў, як часта яны кукарэкаюць

Каментары да артыкула