БЕЛ Ł РУС

На Балі швейцарскі турыст напляваў на мясцовыя традыцыі. Наступны год ён правядзе ў турме

29.08.2026 / 19:22

Nashaniva.com

Суд на інданезійскім востраве Балі прысудзіў 26‑гадовага грамадзяніна Швейцарыі Лузіяна Андрына Цграгенa да года пазбаўлення волі за абразлівыя публікацыі пра святое для мясцовых індуістаў свята — Дзень цішыні, вядомы як Ньепі, піша Associated Press.

Фота: AP Photo

Суд у Дэнпасары прызнаў мужчыну вінаватым у парушэнні новага Крымінальнага кодэкса Інданезіі. Па матэрыялах следства, турыст апублікаваў у сацыяльных сетках відэа і паведамленні пра тое, як ён парушаў абмежаванні падчас Ньепі, хоць супрацоўнікі вілы загадзя папярэдзілі яго пра правілы.

Падчас Ньепі жыхары і госці Балі павінны заставацца ў сваіх дамах або месцах пражывання, захоўваць цішыню і займацца медытацыяй. На гэты дзень закрываюцца вуліцы і пляжы, спыняе працу аэрапорт, а доступ да інтэрнэту абмяжоўваецца. Правілы дзейнічаюць для ўсіх незалежна ад рэлігіі і грамадзянства.

У сваіх публікацыях Цграген пахваліўся, што не прытрымліваўся забаронаў і хадзіў на пляж. На адным з відэа ён назваў мясцовую традыцыю «вар’яцкай» і выкарыстаў нецэнзурны выраз.

Публікацыі шырока разышліся ў сацыяльных сетках і выклікалі абурэнне мясцовых жыхароў. Пасля скаргаў паліцыя знайшла турыста на віле ў папулярным турыстычным раёне Легіян і затрымала яго.

Падчас суда, які пачаўся ў чэрвені, швейцарац заявіў, што не меў намеру абразіць індуісцкае свята або жыхароў Балі. Паводле яго слоў, ён быў галодны і расчараваны тым, што праз абмежаванні не мог набыць ежу, а таксама не да канца разумеў маштаб забаронаў. Мужчына папрасіў прабачэння і заявіў, што шкадуе пра свой учынак.

Суддзя адзначыў, што дзеянні абвінавачанага абразілі жыхароў Балі, закранулі іх рэлігійныя пачуцці і выклікалі грамадскае абурэнне.

Раней замежных і мясцовых турыстаў ужо затрымлівалі за выхад на вуліцу падчас Ньепі, але звычайна такія выпадкі не заканчваліся крымінальным пераследам.

Чытайце таксама:

Беларусы цяпер могуць ездзіць на Балі без візаў

Беларуса затрымалі на Балі з наркотыкамі: яму пагражае пажыццёвае зняволенне

На Балі выкралі і забілі сына ўкраінскага крымінальнага бізнэсмена. За яго жыццё патрабавалі $10 мільёнаў

На Балі турыстам забаранілі катацца на сланах

На Балі забаранілі пазашлюбны сэкс. За парушэнне — турэмныя тэрміны

Каментары да артыкула