БЕЛ Ł РУС

Сын Нетаньяху тэрмінова вярнуўся з ЗША праз пагрозу

30.08.2026 / 17:53

Nashaniva.com

Іранскія агенты знаходзіліся ў Маямі, сачылі за яго домам і перамяшчэннямі, сцвярджае адзін з каналаў.

Беньямін Нетаньяху і яго сын Яір. Фота: Aleksey Nikolskyi / Sputnik Kremlin Pool Photo via AP, File

Сын прэм'ер-міністра Ізраіля Яір Нетаньяху быў тэрмінова вывезены з Маямі ў Ізраіль праз сур'ёзную пагрозу яго бяспецы, паведамляе Bild.

Гэта пацвердзіла ізраільская спецслужба Шын-Бэт. «Сапраўды існавала значная небяспека. Пасля ацэнкі сітуацыі было вырашана тэрмінова вярнуць яго ў Ізраіль разам з групай аховы», — гаворыцца ў заяве спецслужбы.

Тэлеканал Newsmax са спасылкай на крыніцу ў амерыканскіх праваахоўных органах сцвярджае, што напрыканцы мінулага года Яір Нетаньяху стаў цэллю меркаванага іранскага плана замаху.

Паводле даных канала, іранскія агенты знаходзіліся ў Маямі, сачылі за яго домам і перамяшчэннямі. Пасля гэтага Нетаньяху-малодшаму, як сцвярджаецца, загадалі неадкладна з'ехаць, і ён пакінуў ЗША, не забраўшы асабістыя рэчы.

Шын-Бэт пры гэтым не пацвердзіў, што пагроза сыходзіла менавіта ад Ірана. Раней Беньямін Нетаньяху публічна заяўляў, што Тэгеран спрабаваў забіць аднаго з яго сыноў, але не ўдакладняў, каго менавіта.

На гэтым тыдні сакратар Вышэйшай рады нацыянальнай бяспекі Ірана Махсен Рэзаі таксама публічна пагражаў самому Нетаньяху.«Мы адправім Беньяміна Нетаньяху, прэм'ер-міністра сіянісцкага рэжыму, у пекла», — заявіў ён.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула