БЕЛ Ł РУС

У дзень нараджэння Адэсы Расія масіравана атакавала горад

2.09.2026 / 08:48

Nashaniva.com

У ноч на 2 верасня, калі Адэса адзначае сваё 232-годдзе, расійская армія атакавала горад і вобласць. Пашкоджаныя жылы шматпавярховік, бізнес-цэнтр, навучальныя ўстановы і энергетычная інфраструктура. Паводле мясцовых уладаў, пацярпелі восем чалавек, сярод іх дзіця.

Расійскія войскі наносілі ўдары па Адэсе і вобласці цягам усёй ночы. Пад атакі трапілі цывільныя і энергетычныя аб’екты.

У 24‑павярховым жылым доме пашкоджаныя кватэры з 17‑га па 23‑ці паверх. Выбуховая хваля таксама пашкодзіла аўтамабілі, прыпаркаваныя побач. У суседніх дамах выбіла вокны.

У іншай частцы горада пашкоджаныя фасад і шкленне бізнес-цэнтра. У офісных памяшканнях успыхнуў пажар, пацярпелі аўтамабілі.

Разбурэнні зафіксаваныя таксама на тэрыторыі прыватнага прадпрыемства і ў дачным доме. Пашкоджаны транспарт, цалкам знішчана аўтазаправачная станцыя. Акрамя таго, пацярпелі дзве навучальныя ўстановы.

Кіраўнік Адэскай гарадской вайсковай адміністрацыі Сяргей Лысак паведаміў пра восем пацярпелых, у тым ліку адно дзіця.

Пажары, якія ўзніклі пасля ўдараў, патушылі. На месцах працавалі таксама псіхолагі і камунальныя службы.

2 верасня Адэса адзначае дзень горада — сёлета ёй спаўняецца 232 гады.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула