«Газпрам» не адмовіўся ад планаў будаваць у Беларусі завод па вытворчасці ЗПГ
Тры гады таму стала вядома, што «Газпром» плануе наладзіць у Беларусі вытворчасць звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ). Пра тое, на якім этапе цяпер знаходзіцца гэты праект, расказаў міністр энергетыкі Беларусі Дзяніс Мароз, піша Office Life.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: vecteezy.com
Паводле слоў міністра, праца над праектам працягваецца. У прыватнасці, цяпер абмяркоўваецца месца, дзе можа быць пабудаваны завод. Іншыя падрабязнасці пакуль не раскрываюцца, але ў найбліжэйшы час чакаецца падпісанне афіцыйных кантрактаў.
Пагадненне аб будаўніцтве ў Беларусі завода па вытворчасці ЗПГ падпісалі ў 2023 годзе на Пецярбургскім міжнародным газавым форуме. Аднак у 2024‑м у «Газпраме» паведамлялі, што рэалізацыі праекта перашкаджае адсутнасць неабходнага заканадаўства. Праблему прапанавалі вырашыць за кошт размяшчэння прадпрыемства ў зоне з асаблівым прававым рэжымам — Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень».
Планавалася, што беларускі завод будзе звязаны з аналагічным прадпрыемствам у Валгаградскай вобласці. Праектная магутнасць комплексу ацэньвалася ў 3360 тон ЗПГ.
Меркавалася, што асноўным спажыўцом звадкаванага газу стане тэхніка МАЗа і БелАЗа. Акрамя таго, ЗПГ збіраліся выкарыстоўваць для запраўкі аўтамабіляў на трасе М-1, якая злучае Брэст і Маскву.
Чытайце таксама:
Хмарачос «Газпрам Цэнтр» у Мінску амаль дарос да свайго найвышэйшага пункта ФОТЫ
Еўропа ўжо амаль адвыкла ад расійскага газу, але зіма зноў пагражае ЕС энергетычным крызісам
ЕС можа дазволіць еўрапейскім кампаніям яшчэ год перавозіць расійскі газ