БЕЛ Ł РУС

26‑гадовага супрацоўніка элітнага падраздзялення мытні асудзілі на 16 гадоў па наборы палітартыкулаў. Сярод іх і «здрада дзяржаве»

4.09.2026 / 14:58

Баляслаў Ліманоўскі

Пятра Асіпенку, які працаваў у структуры судовых экспертыз і на аператыўнай мытні, кінулі за краты на гіганцкі тэрмін паводле палітычных артыкулаў.

Пятро Асіпенка. Фота з ягонай старонкі Укантакце

Пятро Асіпенка нарадзіўся 18 лістапада 1999 года ў Мінску. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

Яшчэ падчас вучобы, у 2018—2019 гадах, Пятро падпрацоўваў у гандлёвай сетцы «Санта Рытэйл».

Са жніўня 2021 года, па звестках «Кіберпартызанаў», ён працаваў ва ўпраўленні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Мінску. А са жніўня 2022 года значыўся супрацоўнікам аператыўнай мытні.

Гэта адно з найбольш закрытых і ўплывовых падраздзяленняў у сістэме мытні, створанае для барацьбы з кантрабандай, шэрымі схемамі і вышуку парушальнікаў не на канкрэтных памежных пунктах, а на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Ведамства надзеленае шырокімі паўнамоцтвамі: яго супрацоўнікі праводзяць аператыўна-вышуковую дзейнасць, выконваюць функцыі органа дазнання, вядуць расследаванні і маюць уласныя мабільныя сілавыя групы для затрыманняў.

Супраць мінчука распачалі справу адразу паводле трох артыкулаў: ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і ч. 2 арт. 356 (здрада дзяржаве). Сутнасць абвінавачанняў невядомая, але гэта набор артыкулаў, які звычайна выкарыстоўваецца для пераследу людзей за палітычныя погляды і ўдзел у выступах за дэмакратыю і супраць фальсіфікацыі выбараў у 2020-м.

Суд прызначыў яму жорсткае пакаранне — 16 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Прычым Пятра дагэтуль утрымліваюць у следчым ізалятары Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Беларускія праваабаронцы прызналі Асіпенку палітычным зняволеным.

Чытайце таксама:

Першага намесніка гендырэктара «Белвеста» пасадзілі на тры з паловай гады за палітыку

Рэдактарку дзяржаўнага выдавецтва асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»

24‑гадовага хлопца з Асіповічаў, які хацеў увайсці ў IT, асудзілі па палітычным артыкуле, хоць ён нічога не зрабіў

Каментары да артыкула