БЕЛ Ł РУС

Беларуса з брытанскім пашпартам збілі сілавікі ў расійскіх Есентуках, куды ён прыехаў на пахаванне бабулі

3.09.2026 / 18:18

Nashaniva.com

Дзмітрыя схапілі на вуліцы, калі ён шукаў пахавальнае бюро. Паліцыянтам ён падаўся падазроным. Мужчыну патаўклі так, што ў яго зламаныя два рабры і нос, дый страсенне мазгоў.

Дзмітры Сматрыцкі. Фота: VK

36‑гадовы грамадзянін Вялікабрытаніі Дзмітры Сматрыцкі нарадзіўся ў Оршы, але ў пачатку 2000‑х гадоў разам з маці пераехаў у Вялікабрытанію. Ён рэгулярна прыязджаў у расійскія Есентукі Стаўрапальскага краю да сваёй бабулі, пакуль у 2014 годзе у яго не скончыўся тэрмін дзеяння беларускага пашпарта. У пачатку 2026 года пенсіянерка паведаміла пра пагаршэнне здароўя. Дзмітрый з маці аформілі расійскія візы, каб наведаць яе, але пакуль яны дабіраліся, жанчына памерла. А прыгоды пасля таго толькі пачыналіся, піша расійская «Медыязона».

Прыехаўшы ў Есентукі на пахаванне, 3 красавіка каля першай гадзіны дня Дзмітрый ішоў па вуліцы Карла Маркса ў пошуках пахавальнага бюро. У гэты момант яму перагарадзіў дарогу аўтамабіль, з якога выйшаў чалавек і запатрабаваў паказаць дакументы.

На пытанне Сматрыцкага, хто яны такія, мужчына адказаў: «Мы зараз табе скажам, хто мы такія». Толькі пасля гэтага прысутныя заявілі, што яны з паліцыі, а адзін з іх на кароткі момант паказаў пасведчанне. Калі Дзмітрый адмовіўся садзіцца ў машыну, паліцыянт, якога калегі звалі Хрысцік, пачаў біць яго па жываце і галаве.

Сматрыцкага завезлі ў гарадскі аддзел МУС. На пятым паверсе будынка двое супрацоўнікаў павалілі яго на падлогу, а Хрысцік пачаў біць мужчыну і скакаць нагамі па галаве. Яго раздзелі дагала, шукалі на целе татуіроўкі, крычалі, што ён «тэцэкашнік» (супрацоўнік украінскага ваенкамата), а адзін з паліцыянтаў заявіў: «У нас тут паляванне. Ты што, не ведаў?».

Збіццё спынілася толькі тады, калі Дзмітрыю патэлефанавала маці. Паліцыянт, які ўзяў слухаўку, заявіў, што яе сына затрымалі праз «падазроны выгляд». Калі жанчына прыехала ў аддзел, ад яе запатрабавалі 300 тысяч рублёў (каля 3300 даляраў) за тое, што сын нібыта «кідаўся» на супрацоўнікаў. Яна адмовілася плаціць. У выніку Сматрыцкага некалькі гадзін пратрымалі ў камеры, паставілі на міграцыйны ўлік, прызначылі адміністрацыйны штраф і адпусцілі, не пакінуўшы яму копіі дакумента.

На наступны дзень Дзмітрый звярнуўся ў траўмапункт, дзе ў яго дыягнаставалі пераломы носа і двух рэбраў, страсенне мозгу і шматлікія драпіны. 13 красавіка ён падаў заяву ў следчы аддзел па горадзе Есентукі. Старшы следчы Эбзееў прыняў заяву і прызначыў судова-медыцынскую экспертызу. Аднак пазней следчы паведаміў, што камеры відэаназірання ў аддзеле паліцыі ў дзень затрымання нібыта не працавалі, і параіў Сматрыцкаму як мага хутчэй выехаць з Расіі.

Дзмітрый звярнуўся да брытанскіх дыпламатаў, якія дапамаглі яму з арганізацыяй ад'езду, і 30 красавіка ён пакінуў тэрыторыю РФ.

Чытайце таксама:

«Які ты рускі?!» Беларус у Крыме збіў армяніна за тое, што ў таго доўгія валасы. І таму што падобны да гомасэксуала

Палітвязня, якога збілі да інваліднасці, прымушаюць працаваць у калоніі і змяшчаюць у ШІЗА

Мікіта Залатароў: Было дзіка — проста выйсці ў горад і бачыць людзей у звычайнай вопратцы

Каментары да артыкула