Грамадства2020

Мікіта Залатароў: Было дзіка — проста выйсці ў горад і бачыць людзей у звычайнай вопратцы

Як гэта: патрапіць у няволю школьнікам і выйсці на свабоду ў зусім іншы свет. Адзін з самых маладых палітвязняў распавёў «Салідарнасці» пра ціск за кратамі, законы, якія не працуюць, веру і жыццё з нуля.

Мікіту Залатарова затрымалі ў Гомелі амаль адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020-га. Тады яму было ўсяго 16. Але ні ўзрост, ні стан здароўя не сталі перашкодай для рэпрэсіўнай машыны: самага маладога з палітвязняў адправілі на 5 гадоў у калонію. А ўжо ў няволі судзілі яшчэ двойчы і змянілі ўмовы на больш строгія.

Вясной 2026 года Мікіта апынуўся сярод 15 палітвязняў, якіх беларускія ўлады «памілавалі» і вывезлі з Беларусі ў Літву. Тым часам судзілі і адправілі за краты яго бацьку, Міхаіла Лапунова. А да таго — неаднаразова затрымлівалі і адпраўлялі на «суткі», па сутнасці, толькі за тое, што мужчына адмовіўся прызнаць сына злачынцам і змагаўся за яго.

У інтэрв’ю «Салідарнасці» Мікіта распавёў пра тое, праз што прайшоў сам і як адаптуецца ў новых умовах.

— Я атрымаў міжнародную абарону ў Літве, але пакуль не зрабіў пашпарт, у працэсе. Ёсць сёе-тое з падпрацовак, але пакуль афіцыйнай працы, каб уладкавацца на адным месцы, не знайшоў. Гэта ў планах. Пакуль хачу разабрацца з інтэграцыяй: курсы літоўскай мовы, яшчэ нешта.

— Што вядома зараз пра твайго бацьку, з ім ёсць сувязь?

— Калі размаўлялі з ім апошні раз, ён быў такі сумны. То-бок, рады за мяне, што я на свабодзе — ён ужо не так хвалюецца і трохі лягчэй свой тэрмін адбываць. А з іншага боку, на яго ціснуць: ШІЗА, пазбаўляюць пасылак — нічога не можа атрымаць ад родных.

Са здароўем у яго больш-менш, але імунітэт слабы, ёсць праблемы з сэрцам. І я за яго вельмі перажываю.

У такую спякоту, што стаяла ў канцы чэрвеня ў Беларусі, дадае Мікіта, зняволеным даводзіцца асабліва цяжка: вентыляцыі няма, і «ўсім пляваць, спякота не спякота, холад не холад»:

— У іх ёсць устаноўлены ўзор адзення — і абсалютна ўсё роўна, нават калі будзе +40, хадзі ў ім. Не надзеў — паехаў у ШІЗА. Чалавечнасці там няма ад слова зусім. Усё, што цябе ратуе — пайсці памыцца халоднай вадой. Таму што душа няма — толькі з-пад крана або ручнік намачыць, на галаву сабе павесіць.

Самыя жорсткія ўмовы, я б сказаў, былі ў ПК-15 у Магілёве, у турме Жодзіна, ну і ў Оршы (ПК-8, туды Мікіта патрапіў, калі яму дадалі тэрмін за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі» — С.).

А самае нармальнае, дзе за ўвесь час хоць крыху адчуў больш камфортныя ўмовы — гэта СІЗО-3 у Гомелі, я там быў, пакуль праходзілі суды, падавалі апеляцыйныя скаргі. Ну і ў выхаваўчай калоніі — у параўнанні з турмой яшчэ больш-менш нармальна.

— Але пры гэтым у выхаваўчай калоніі табе нават не далі скончыць школу, 11 класаў. Чаму?

— Так, у мяне ёсць толькі базавая адукацыя. Па законе — можна, я меў права скончыць 11 класаў. А яны проста зрабілі па-свойму: калі мне споўнілася 18 гадоў, сказалі, што базавая адукацыя ў цябе ёсць, ну і ўсё, давай валі адсюль. Магчымасці ніякай не далі.

Яны мне кажуць: вось выйдзеш з ШІЗА, тады будзеш вучыцца. Кажу, дык дайце мне выйсці. Вы ж штучна мне кляпаеце парушэнні.

Пылінку знайшлі на дужцы ложка, павуцінне ў куце вісіць, гузік расшпілены — пішуць рапарт, паехаў у ШІЗА, і адтуль выбрацца не можаш, знаходзяць, за што дадаць.

У мяне было такое, што прасядзеў у ШІЗА без выхаду 5,5 месяцаў. А ўмовы там, зараз распавяду: ні падушкі, ні коўдры, на ноч адкідваецца драўляная шконка — кладзіся.

І ўсім пляваць, холадна табе, горача, нязручна ці яшчэ што. Тэрмін мне дадавалі за тое, што ўдзень спаў на падлозе. Забаронена, маўляў. Я кажу: мне па законе належыць восем гадзін сну, а вы мне далі такое спальнае месца, дзе дошкі крывыя, халодна, і я не магу выспацца — таму дасыпаю ўдзень.

Ну і зразумела, стаў «злосным парушальнікам, які не стаў на шлях выпраўлення».

«Браў Біблію, маліўся — і адчуваў, як становіцца лягчэй»

Паводле версіі гомельскага суда, непаўнагадовы падлетак вырабіў «кактэйлі Молатава» і пераканаў людзей, значна старэйшых за сябе, падпаліць аўтазак або гарадскі аўтобус. Мікіта не прызнаў віны — усе абвінавачванні ён называе выдуманымі, а сведак фальшывымі. Сам ён адмовіўся даваць паказанні супраць сябе і не стаў агаворваць іншых.

Архіўнае фота: naviny.by

Мікіта распавядаў, што пры затрыманні яго моцна збілі, аж да бальніцы — але па скарзе адваката «не знайшлі складу злачынства». У СІЗО хлопцу не давалі таблетак, нягледзячы на прыступы эпілепсіі.

— Ці сустракаў хоць недзе чалавечыя адносіны ўнутры сістэмы?

— Ведаеце, было. Некаторыя ўжо дарослыя супрацоўнікі, якія яшчэ не страцілі чалавечага аблічча, ставіліся больш лаяльна. У іх не было асабістай непрыязнасці да мяне, злараднасці, што вось я «палітычны» і мяне трэба пакараць як след.

Яны не маглі стварыць для мяне больш мяккія ўмовы, гэта не ў іх магчымасцях — але маглі папярэдзіць, што на мяне рыхтуюць рапарт, бо начальнік загадаў адправіць у ШІЗА. Такіх я яшчэ паважаў хоць неяк.

Таму што былі і абсалютна адваротныя прыклады. Я лічу, што трэба назваць іх імёны. У Жодзіне быў начальнік турэмнага рэжыму Собаль Вячаслаў Міхайлавіч, падпалкоўнік, ён таксама начальнік пажыццёва зняволеных. Часта даваў распараджэнні сваім падпарадкаваным, каб мяне закрывалі ў ШІЗА, каб былі пастаянныя ператрусы, псіхалагічны ціск, фізічны.

Шылаў Дзяніс Уладзіміравіч — начальнік атрада. Зларадны, ненавідзіць зняволеных, пастаянна спрабаваў злосна пажартаваць, падкусіць за нешта.

І яшчэ аператыўны работнік Цітла Сяргей Генадзьевіч. Вельмі дрэнны чалавек. Такі, ведаеце, ідэйны.

Я думаў і не мог знайсці адказу, чаму яны такія. Што трэба зрабіць з чалавекам, каб ён страціў нейкую чалавечнасць звычайную? Банальна: не ўдарыць дзіця, не ўдарыць жанчыну, не дазволіць сабе пакрыўдзіць слабага.

Чаго ж ты не кінешся на такога, як ты, або каго здаравейшага? Таму што ты баішся, што ён цябе сам потым зламае.

Ніводнага спаткання з роднымі за больш чым 5,5 гадоў у няволі Мікіту не далі. Дазвалялі званкі, але і іх атрымаць было вялікай удачай:

— Па законе, калі ты знаходзішся в ШІЗА (а туды могуць штучна адправіць), нічога не паложана. А на корпусе, у агульнай масе — адзін званок у месяц на 15 хвілін. І вось калі па графіку ў цябе стаіць, дапусцім, 15‑га чысла званок, то напярэдадні закрываюць у ШІЗА, і ўсё, нікуды не патэлефанаваў. А выходзіш — трэба зноў чакаць наступнага месяца.

Мне было складана, з усіх бакоў ціснулі. Але думаю, што і бацькам прыйшлося вельмі цяжка.

— Ты казаў, што менавіта ў няволі прыйшоў да веры.

— Я і раней быў хрышчоным, мы маглі схадзіць у царкву сям’ёй. Але не быў настолькі ідэйным, моцным у веры. А калі мяне пасадзілі і калі навальваліся цяжкасці: у ШІЗА закрывалі, ці лістоў доўга не было, ці пачыналі ціснуць псіхалагічна, што нікому ты не патрэбны — я браў Біблію, браў абразкі, маліўся і адчуваў, як становіцца лягчэй.

Бывала, што малітоўнікі забіралі. Але ў большасці выпадкаў дазвалялі. Праўда, у царкву ў калоніі я ні разу не хадзіў і са святарамі тамашнімі не камунікаваў.

«Ты злачынца, ты пайшоў супраць дзяржавы, будзеш сядзець»

— Прабач, калі гэта вельмі асабістае пытанне. У верасні мінулага года стала вядома пра тое, што ты рэзаў вены…

— Так, гэта быў жэст адчаю, таму што ціск узмацніўся да такой ступені, што ўжо не вытрымліваў.

Калі прыехаў у Оршу ў ПК-8, мне сказалі: маўляў, тэрміну ў цябе засталося няшмат, дасядзі спакойна, не парушай. Добра, дык і вы мяне не чапайце, не здзекуйцеся далей — я таксама хачу без парушэнняў дабыць, вызваліцца, родных убачыць на спатканні.

Але ўжо на каранціне, куды нас адразу пасля этапу адправілі, я зразумеў, што дасядзець спакойна не дадуць. Пачалі падсылаць правакатараў: хтосьці ходзіць пастаянна паблізу, слухае, што ты кажаш, пра што, спрабуюць вывесці на адкрытасць.

Пастаянна прыходзілі з ператрусамі і прыдзіркамі — тры-чатыры разы на дзень маглі перавярнуць торбы і тумбачкі, а потым чапляцца, чаго гэта вопісу няма. А як я яе знайду, калі рэчы ўсе перавернутыя? Але тут жа галоўнае — рапарт напісаць.

Выклікаў мяне «на кабінет» аператыўны работнік Гурскі, начальнік, і давай таксама пытанні задаваць правакацыйныя, каментары зняважлівыя. Прама сказаў: у атрад мы цябе не выпусцім, пойдзеш у ШІЗА і ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу).

Я аж не вытрымаў: што, кажу, такога зрабіў, чым адрозніваюся ад асноўнай масы асуджаных? У вас педафілы, забойцы, наркаманы сядзяць, глядзяць тэлевізары, ходзяць на спатканні, каўбасу ядуць. А пацанёнак, які з 16 гадоў сядзіць, хоць ніякага злачынства не здзейсніў — нельга нават, каб звычайныя чалавечыя ўмовы ў мяне былі?

Памыцца, з блізкімі пагутарыць. Мне ў адказ: ты злачынца, ты пайшоў супраць дзяржавы, будзеш сядзець, і гэтак далей.

Адразу падставу зладзілі: паклікалі рэжымныя работнікі на ператрус асабістых рэчаў — і заявілі, што я не прадставіўся. Гляджу, ва ўсіх відэарэгістратары выключаныя. І быццам усё па законе, калі я паскарджуся, хопіць двух чалавек, якія пацвердзяць парушэнне. 

Бясконцы ціск, ніякіх лістоў ад родных, плюс мяне трымалі ў такіх маленькіх камерах, там не тое што пахадзіць, а сядзець няма дзе. Умывальнік з іржавай вадой, дагістарычныя туалеты смярдзючыя, з часоў Савецкага Саюза, бетон, холад — то-бок, адмыслова стваралі ўмовы, каб не вытрымаў. І давялі.

Я дэманстратыўна ўсё рабіў на камеру. А відэа напрамую ідзе ў мінскі ДВП, самы галоўны над калоніямі. І калі яны бачаць спробу суіцыду, дзяжурны адразу абавязаны паведаміць. Яны гэтага вельмі баяцца.

Тут жа ўсе пачалі мітусіцца, медработнікі прыбеглі, потым мяне сталі выклікаць на гутарку галоўныя начальнікі, палкоўнікі там. І ціск усё ж такі трохі аслабілі.

— Дарэчы, пра медработнікаў. Якую-небудзь рэальную дапамогу ад іх атрымліваў?

— Стаўленне было вельмі дрэннае.

Напрыклад, калі адпраўлялі ў ШІЗА, у мяне былі прыступы эпілепсіі на фоне стрэсу. І па законе медработнік не мае права падпісаць заключэнне, што мяне можна адпраўляць у штрафны ізалятар — а яны задняй датай пісалі, што ўсё нармальна.

Прыходзіць медык, паглядзіць, ціск памерае: можна ў космас ляцець, на вось табе таблетку і сядзі далей. Хоць павінны былі класці ў лазарэт.

Літаральна за пару дзён да вызвалення, дадае Мікіта, яму зноў стала дрэнна: упаў, страціў прытомнасць. Прыступ быў настолькі моцным, што зрабіць выгляд, нібыта ўсё ў парадку, адміністрацыя не наважылася. Некалькі дзён ён правёў у медчастцы пад кропельніцамі.

Ужо ў Літве стан стабілізаваўся ў лепшы бок — і лекары, і сам Мікіта лічаць, што стала менш стрэсу. Хоць цяжкія сны яго не адпускаюць да гэтага часу:

— Першы час наогул у халодным поце прачынаўся, такія жахі бачыў у сне. Усё не мог паверыць, што я на свабодзе. З месяц, напэўна, хадзіў як зомбі. Цяжка было зноў прывыкнуць да грамадства, до людзей — для мяне было дзіка — проста выйсці ў горад і бачыць людзей у звычайнай вопратцы. Усё мільгалі перад вачыма чорныя робы і плямістая міліцэйская форма.

І ад літоўскіх паліцэйскіх, чэсна скажу, шарахаўся спачатку. Толькі бачыў машыну, адразу ў думках як стоп-сігнал: міліцыя! Зараз ужо нармальна, разумею, што проста так ніхто мяне тут не арыштуе, што калі жывеш па законе, ніхто цябе не чапае.

«Каб пайсці ў інстытут, трэба скончыць 12 класаў. А ў мяне ўсяго 9»

— Адчуваеш, што за 5,5 гадоў у няволі шмат чаму даводзіцца вучыцца нанова? Той жа ШІ асвойваць, значна больш разумныя тэхналогіі.

— Вядома. Нават да тэлефона толкам яшчэ прывыкнуць не магу. Але перш за ўсё, нязвыкла камунікаваць з людзьмі: ёсць разгубленасць, сарамлівасць, можа, нават трошкі боязь звычайных размоў. Хоць я быццам чалавек не асабліва сарамлівы, але заўважаю такое за сабой.

— Ведаю, што за час зняволення вы расталіся з дзяўчынай, на яе ціснулі сілавікі, і яна адмовілася працягваць адносіны. Гэта моцна зачапіла, ці разумеў абставіны?

— Прыняць было складана. Я думаў, што ў нас нешта будзе, яна казала, што дачакаецца, што кахае. Амаль увесь тэрмін думаў пра гэта. Потым ужо вырашыў, што не трэба рваць душу і перажываць праз чалавека, якому ты не патрэбны. Цяпер ужо не крыўдую, дараваў усё. Бог ёй суддзя.

Зараз — больш за ўсё сумую па бацьку. Дакладней, па ўсіх сваіх, але за бацьку мацней за ўсё хвалююся.

Не так даўно Мікіта адзначыў першы за шэсць гадоў дзень нараджэння на свабодзе. Зрэшты, «адзначыў» — гучнае слова, удакладняе ён: паклікаў некалькіх знаёмых, купіў смачнага ў краме. І загадаў жаданне, каб убачыцца хутчэй з бацькам і абняць яго.

— Што далей — пакуль не вырашыў. Такога, каб сур’ёзна ісці кудысьці вучыцца, не планую. Таму што тут, каб у інстытут ці нават у тэхнікум пайсці, трэба 12 класаў скончыць. А ў мяне ўсяго 9. І што, у 22 гады ў школу пайду?

Таму пакуль арыентуюся на працу, знайсці нешта пастаяннае, каб была свая крыніца даходу і я мог выжываць. А потым ужо можна будзе думаць наконт адукацыі, недзе вучыцца. Людзі і ў 40 гадоў, і пазней новаму вучацца, так што — якія мае гады. Галоўнае — здароўе, а ўсяго астатняга можна дасягнуць, было б жаданне.

І вядома, я вельмі спадзяюся, што публічнасць дапаможа майму бацьку. Што людзі, якія падтрымліваюць беларускіх палітвязняў, уключаць і яго ў спісы і змогуць дабіцца яго вызвалення, каб не было гэтай разлукі.

Каментары20

  • Шклоуски конюх
    06.07.2026
    Вот она цена мирных протестов с 1995 года
  • Жыгуль
    06.07.2026
    Трымайся, хлопча! Шчыры дзякуй за рашучасць і пазіцыю!
  • .
    06.07.2026
    Капец. Чалавек амаль не пачаў жыць, а ўжо чвэрць жыцця за кратамі, ні за што.

    Што ў абслугі канцлагера ў галовах? Нават не мець думкі, што так не павінна быць, што адбываецца нешта няправільнае.

Цяпер чытаюць

Памёр купалавец Іван Кушнярук. Яму было 34 гады4

Памёр купалавец Іван Кушнярук. Яму было 34 гады

Усе навіны →
Усе навіны

У Расіі беларус на фуры так урэзаўся ў аўтазак, што арыштант унутры страціў прытомнасць

Што рабіць, калі кватэру затапіла?2

У мінскім парку Чавеса два дні будзе працаваць зіплайн — рэч са спускам на шалёнай хуткасці2

Лукашэнка загадаў, каб былых сілавікоў, ратавальнікаў і дыпламатаў, звольненых «па дыскрэдытуючых», адсочвалі пяць гадоў9

Марына Золатава: У палітзняволенай Таццяны Колас выявілі рак. Гэта не проста дрэнная навіна, гэта жудасная навіна1

Пасажырскі самалёт разбіўся на Багамах — усе 10 пасажыраў загінулі

Асудзілі дзяўчыну, якая ў 2020‑м пратэставала супраць «выбараў без выбару» і патрабавала ад кандыдатаў пазіцыі па Украіне9

Фэйл запаснога кіпера Бельгіі пахаваў каманду. Куртуа можна было не мяняць3

Урадавы бізнэс-джэт даставіў некага з Мінска ў турэцкі Бодрум6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памёр купалавец Іван Кушнярук. Яму было 34 гады4

Памёр купалавец Іван Кушнярук. Яму было 34 гады

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць