Кітайскіх блогераў павязуць па замках і на «Лінію Сталіна»
Улады спадзяюцца, што праз іх прыцягнуць турыстаў.
7 верасня пачнецца тыднёвы рэкламны тур па Беларусі для кітайскіх відэаблогераў. Паездку арганізуе Нацыянальнае агенцтва па турызме пры падтрымцы беларускага пасольства ў Кітаі і «Беларусбанка», паведамляе БелТА.
У праграму ўключылі Мірскі і Нясвіжскі замкі, Стары і Новы замкі ў Гродне, сядзібу Валовічаў у Свяцку і палац Булгакаў у Жылічах. Адну ноч удзельнікі правядуць у Мірскім замку.
Блогерам таксама пакажуць нацыянальны парк «Прыпяцкі», заказнік «Азёры», Аўгустоўскі канал і комплекс «Гарадзенскі маёнтак «Каробчыцы»». У Мінску іх павязуць у Траецкае прадмесце, на плошчу Свабоды, да Нацыянальнай бібліятэкі, на Зыбіцкую вуліцу і ў гандлёвыя цэнтры.
Запланаваныя таксама наведванне пляцоўкі БелАЗа каля Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра і паездка на «Лінію Сталіна».
Гэта першы буйны праект Нацыянальнага агенцтва па турызме, разлічаны на прасоўванне Беларусі сярод замежных турыстаў праз блогераў. Падобныя туры плануюць арганізаваць і для прадстаўнікоў іншых краін, якія беларускія ўлады называюць «дружалюбнымі».
Паводле кіраўніка агенцтва Кірыла Машарскага, за апошнія пяць гадоў колькасць кітайскіх турыстаў у Беларусі павялічылася ў 2,6 раза. Абсалютных лічбаў ён не назваў.