БЕЛ Ł РУС

На Тыдзень беларускай культуры Музей Луцкевіча ператворыцца ў музей Попкі

4.09.2026 / 14:44

Nashaniva.com

7—13 верасня ў Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча пройдзе IV Тыдзень беларускай культуры. Сёлета яго галоўнай тэмай стане спадчына — тое, што мы захоўваем, губляем, перадаём далей і што застаецца пасля нас.

У цэнтры Тыдня — новая выстава з калекцыі Юрыя Попкі, частку якой удалося ўратаваць і перавезці з Нямеччыны ў Вільню. Тэкстыль, кнігі, часопісы, паштоўкі, лісты і іншыя рэчы на адзін тыдзень зменяць музейную прастору і стануць нагодай пагутарыць не толькі пра адну калекцыю, але і пра лёс беларускай культурнай спадчыны ўвогуле.

Ці можа чалавек загадзя паклапаціцца пра тое, што застанецца пасля яго? Што адбываецца з прыватнымі зборамі, калі іх уладальнікаў больш няма? Чаму адны рэчы перажываюць дзесяцігоддзі і пераезды, а іншыя губляюцца назаўсёды? Хто і як вырашае, што варта захаваць?

Гэтыя пытанні будуць гучаць цягам усяго Тыдня — у выставе, размовах, тэатры, музыцы, майстар-класах і нават за сталом.

Праграма

Панядзелак: адкрыццё выставы і лекцыя.

Клопат: лекцыя пра тое, як у музеях даглядаюць за экспанатамі і як паўтарыць гэта дома.

Аўторак: гістарычна-гастранамічны вечар.

Беларусь, Літва і Нямеччына сустрэнуцца за адным сталом. Пагутарым пра кулінарныя традыцыі трох краінаў, паглядзім паштоўкі з калекцыі Попкі і пашукаем там сляды паўсядзённага жыцця і ежы.

І, вядома ж, усё прадэгустуем.

Серада: дыскусія пра спадчыну.

Што пасля нас (не) застанецца.

Вечар для тых, хто любіць складаныя пытанні без простых адказаў;

майстар-клас па вышыўцы паводле ўзораў з калекцыі Попкі: вышываем, а пасля ператвараем свае працы ў тэрманалепкі.

Чацвер: выходны.

Пятніца: беларуская драматургія ўголас.

Каманда беларускіх акцёраў і рэжысёраў TeArtas на чале з Сяргеем Здаранковым прадставіць акцёрскую чытку п’есы Францішка Аляхновіча «Пан Міністр» (дзякуючы архівам нашага музею). Імпрэза адкрые новы праект «Рэтраспектыва беларускай драматургіі», прысвечаны вяртанню да беларускіх драматургічных тэкстаў і іх новаму гучанню сёння.

Субота: вялікі дзень у Беларускім Доме.

У праграме:

— куратарская экскурсія па выставе;

— майстар-клас па мармураванні паперы;

— дзіцячая майстэрня, дзе ўдзельнікі будуць ствараць свой маленькі дом і вырошчваць у ім чароўнае дрэва;

— кірмаш беларускіх майстроў і невялічкі кніжны кірмашык;

— канцэртная частка.

А яшчэ цягам Тыдня вы можаце самі адчуць сябе на месцы экспаната беларускай спадчыны. Бо ў музеі будзе працаваць адмысловая імерсіўная прастора. Вас вязуць з Нямеччыны ў Літву. Вас трэба давезці, не згубіць, не сапсаваць, не даць вас з’есці жукам і, у рэшце рэшт, вызначыцца: ці патрэбныя вы камусьці настолькі, каб вас захаваць?

IV Тыдзень беларускай культуры пройдзе 7—13 верасня ў Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча (Vilniaus g. 20).

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула