БЕЛ Ł РУС

Мураванку Храптовічаў пад Навагрудкам прадалі за дзве базавыя адзінкі

4.09.2026 / 16:32

Nashaniva.com

Славутая Мураванка Храптовічаў у Шчорсах Навагрудскага раёна нарэшце знайшла новага ўладальніка. 4 верасня неагатычны гаспадарчы комплекс прадалі на электронных таргах за 94,50 рубля — усяго дзве базавыя адзінкі з невялікай надбаўкай, піша выданне Domovita.by.

Фота: «Яндэкс»

Гэта была ўжо шостая спроба прадаць аб'ект. Упершыню фальварак выставілі на продаж у чэрвені 2025 года амаль за 298 тысяч рублёў. Пакупнікоў не знайшлося, таму кошт паступова зніжалі: спачатку на 50%, а затым на 80%, пакуль лот не выставілі за дзве базавыя адзінкі.

На сёлетнія таргі падалі заяўкі два патэнцыйныя пакупнікі, але да фінальнай рэгістрацыі дайшоў толькі адзін. У выніку аўкцыён завяршыўся за некалькі секунд. Новым уладальнікам комплексу стала сталічная кампанія, якая займаецца дарожным будаўніцтвам.

Комплекс у Шчорсах пабудавалі ў другой палове XIX стагоддзя як узорны гаспадарчы двор маёнтка магнатаў Храптовічаў. Яго наўмысна аформілі ў неагатычным замкавым стылі: з чырвонай цэглы ўзвялі масіўныя будынкі, вежы і глухую агароджу. Здалёк гаспадарка больш нагадвала цытадэль, чым звычайны сельскагаспадарчы комплекс.

Для свайго часу Мураванка была перадавой гаспадаркай. Тут выраблялі масла і сыр паводле швейцарскіх тэхналогій, апрацоўвалі драўніну, разводзілі племянных галандскіх кароў і пародзістых коней.

Яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя канцлер Іахім Храптовіч адмяніў у сваіх уладаннях паншчыну і вызваліў сялян амаль за 70 гадоў да сялянскай рэформы ў Расійскай імперыі.

Пасля нацыяналізацыі ў 1939 годзе комплекс перайшоў да мясцовага калгаса. Будынкі выкарыстоўвалі для ўтрымання цялят і захоўвання збожжа. З часам праз адсутнасць належнага догляду і рамонту пабудовы пачалі разбурацца: дахі абваліліся, а сам фальварак ператварыўся ў руіны.

Фота: «Планета Беларусь»

У склад прададзенага комплексу ўваходзяць два капітальныя цагляныя будынкі агульнай плошчай больш за 1500 квадратных метраў. Сярод іх — былыя ветэрынарная лячэбніца, цялятнікі, кароўнік і свіран. Захаваліся таксама вежы і асобныя фрагменты агароджы.

Разам з будынкамі новы ўладальнік атрымаў права арэнды зямельнага ўчастка плошчай каля 6,4 гектара на 50 гадоў.

Фота: «Планета Беларусь»

Мураванка мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Таму рэстаўрацыя і любыя будаўнічыя работы тут будуць патрабаваць узгаднення з Міністэрствам культуры. Гэта тычыцца таксама супрацьаварыйных работ і праектаў аднаўлення.

Перад новым уладальнікам стаіць вялікая праца, аднак гістарычная архітэктура і вялікая тэрыторыя ствараюць магчымасці для розных праектаў. У будучыні тут маглі б з'явіцца турыстычны комплекс, арт-прастора або загарадны гатэль, які выкарыстаў бы гістарычную атмасферу месца.

Чытайце таксама:

«Мураванку Храптовічаў» зноў прадаюць з велізарнай зніжкай, усяго за 90 рублёў

У Шчорсах зноў прадаюць «Мураванку Храптовічаў». Гэтым разам за 84 рублі

Мураванку Храптовічаў у Шчорсах зноў выставілі на продаж за паўцаны

Мураванку Храптовічаў у Шчорсах выставілі на аўкцыён. Колькі каштуе

Каментары да артыкула