БЕЛ Ł РУС

Брамнік футбольнага клуба «Віцебск» здзівіў гараджан незвычайным падабенствам да Марка Шагала ФОТА

4.09.2026 / 17:39

Nashaniva.com

Галкіпер футбольнага клуба «Віцебск» Іван Навічкоў нечакана стаў аб'ектам увагі не толькі футбольных заўзятараў. Падчас фотасесіі новай формы каманды гараджане заўважылі ягонае дзіўнае падабенства з сусветна вядомым мастаком родам з Віцебска Маркам Шагалам, піша выданне «Віцьбічы».

Фота: «Віцьбічы»

Пасля з'яўлення фатаграфій футбаліста ў сацыяльных сетках каментатары пачалі параўноўваць яго з мастаком. Некаторыя нават жартавалі, што Навічкоў можа быць далёкім сваяком Шагала або што ў яго «перасялілася душа» знакамітага земляка.

Цікава, што падабенства праявілася не толькі ў рысах твару. Іван Навічкоў мае такі ж рост, які, паводле ўспамінаў сучаснікаў, быў у маладога Марка Шагала. 

Каб праверыць, наколькі моцнае падабенства, футбаліста запрасілі ў Віцебскі мастацкі музей, дзе цяпер экспануецца знакамітая карціна Шагала «Над горадам». Рэакцыя наведвальнікаў была вельмі яркай: многія не маглі паверыць сваім вачам, а некаторыя прапаноўвалі зрабіць Навічкова жывым сімвалам Віцебска і нават зняць яго ў ролі Шагала ў кіно.

Нягледзячы на вонкавае падабенства, сваяцтва паміж футбалістам і мастаком, праўда, не пацвердзілася. Іван распавёў, што паходзіць з самай звычайнай сям'і. Футболам ён пачаў займацца дзякуючы бацьку: спачатку гуляў нападнікам, а пасля таго, як моцна вырас, перайшоў на пазіцыю брамніка.

Навічкоў пачынаў кар'еру ў Віцебску, затым выступаў на правах арэнды за гомельскі «Лакаматыў» і «Смаргонь», а цяпер зноў гуляе за родны клуб.

Сам футбаліст спачатку не паверыў у сваё падабенства да Шагала, але з часам усё часцей пачаў чуць гэта ад навакольных. Пасля наведвання музея ён прызнаўся, што раней мала цікавіўся жывапісам, але цяпер хоча больш даведацца пра творчасць знакамітага земляка. Сваё падабенства з мастаком Іван ацаніў на 7 балаў з 10.

Фота: «Віцьбічы»

Убачыць Навічкова ў складзе «Віцебска» можна будзе да канца цяперашняга футбольнага сезона. А карціна «Над горадам» пакіне Віцебск ужо 14 верасня, таму ў гараджан яшчэ ёсць магчымасць параўнаць знакамітае палатно і незвычайна падобнага да яго аўтара земляка.

Чытайце таксама:

Выйшла кніга пра габрэйскую гісторыю Віцебска

«Ці нармальна, што квіткі цяпер прадаюцца па прапісцы?»: беларуска здзівілася розніцы ў цэнах у Віцебскім музеі

У Беларусі зацвердзілі правілы эвакуацыі каштоўнасцяў на выпадак вайны: цэглу з Брэсцкай крэпасці з надпісамі будуць ратаваць перш за карціны Шагала і Суціна

У Віцебску прадалі будынак былога хедара, дзе вучыўся Марк Шагал

«Мастак расійскага паходжання з маленькай вёскі Віцебск». У Рэймскім саборы пра Марка Шагала пішуць нісянеціцу

Каментары да артыкула