БЕЛ Ł РУС

ФІФА абвінаваціла УЕФА ў кампаніі па ачарненні Інфанціна

4.09.2026 / 20:33

Nashaniva.com

Супрацьстаянне паміж ФІФА і УЕФА абвастраецца. Пасля таго як еўрапейская футбольная федэрацыя заявіла пра намер дамагацца юрыдычных мер у дачыненні да прэзідэнта ФІФА Джані Інфанціна, сусветная футбольная арганізацыя адказала сустрэчнымі абвінавачаннямі, піша The Athletic.

Джані Інфанціна. Фота: Jacquelyn Martin / AP

У ФІФА заявілі, што УЕФА вядзе «кампанію ачарнення» арганізацыі і яе кіраўніцтва. У дакуменце, пададзеным у суд Нью-Ёрка, сцвярджаецца, што заявы еўрапейскай арганізацыі з'яўляюцца спробай публічна дыскрэдытаваць ФІФА і Інфанціна.

Прычынай канфлікту стаў сарваны план Інфанціна аб залучэнні інвестараў. Праз кампанію FIFA Forward Enterprise ён хацеў прадаць амерыканскаму інвестыцыйнаму фонду Thrive Eternal 20% камерцыйныя правы і актыўнасці, звязаныя з правядзеннем турніраў ФІФА, за 4,2 мільярда даляраў.

УЕФА выступіла супраць гэтай здзелкі, назваўшы ацэнку долі «абсурдна нізкай». Еўрапейская арганізацыя таксама выказала падазрэнні, што Інфанціна прасоўваў праект у асабістых інтарэсах. Цяпер УЕФА разглядае магчымасць ініцыяваць супраць швейцарца крымінальную справу.

У ФІФА, у сваю чаргу, сцвярджаюць, што УЕФА наўмысна спрабавала сарваць здзелку і нават пагражала байкотам будучых турніраў ФІФА з боку еўрапейскіх зборных.

На думку ФІФА, у аснове канфлікту ляжаць не толькі спрэчкі вакол здзелкі, але і эканамічныя інтарэсы. Маўляў, дадатковае фінансаванне для невялікіх футбольных краін магло б узмацніць іх канкурэнцыю з еўрапейскімі грандамі і, як сцвярджае ФІФА, аслабіць уплыў УЕФА.

Чытайце таксама:

Адзін з кіраўнікоў ФІФА звольнены пасля крытыкі плана Інфанціна

Гэтыя краіны публічна падтрымліваюць Інфанціна, а гэтыя — супраць

Інфанціна выбачыўся за памылку, але застаўся прэзідэнтам ФІФА

Інфанціна адступіў: план частковай прыватызацыі чэмпіянатаў свету па футболе адкліканы

ФІФА хоча павялічыць колькасць зборных на мундыялі да 64‑х

Каментары да артыкула