Кевін Ламур рэзка раскрытыкаваў план прэзідэнта ФІФА.

Як стала вядома BBC Sport, галоўны аперацыйны дырэктар Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА) Кевін Ламур быў звольнены менш чым праз тры тыдні пасля таго, як рэзка раскрытыкаваў план прэзідэнта арганізацыі Джані Інфанціна аб продажы доляў у спаборніцтвах прыватным інвестарам.
Прадстаўнік арганізацыі пацвердзіў, што «працоўныя адносіны паміж ФІФА і Кевінам Ламурам у якасці галоўнага аперацыйнага дырэктара спыніліся 17 жніўня 2026 года».
«ФІФА дзякуе Кевіну за два гады працы і зычыць яму поспехаў у будучыні», — гаворыцца ў яго заяве.
Супрацоўнікаў ФІФА пра гэта праінфармаваў генеральны сакратар Маціяс Графстрэм. У яго электронным лісце, адпраўленым у панядзелак вечарам, паведамляецца, што бакі «дамовіліся расстацца».
У мінулым месяцы Ламур ахарактарызаваў спрэчныя планы стварэння кампаніі FIFA Forward Enterprise (FFE) як «праект аднаго чалавека» і заявіў, што «настаў час, калі палітычныя лідары футбола павінны задаць сабе правільныя пытанні і прыняць правільныя рашэнні».
Ён дадаў, што кіраўніцтва самой ФІФА было «ўведзена ў зман» адносна праекта, ад якога пазней вырашылі адмовіцца.
«Наша місія — місія сотняў захопленых, адданых справе і добрасумленных супрацоўнікаў ФІФА — у тым, каб служыць футболу, — казаў Ламур. — Прэзідэнт павінен аб'ядноўваць людзей, збліжаць іх і натхняць. Сёння мы назіраем прама супрацьлеглае».
Ламур прызнаў, што павінен быць лаяльным да свайго працадаўцы, але таксама мае абавязацельствы перад «пэўнымі каштоўнасцямі» і перад калегамі, якіх ён павінен падтрымліваць.
«Калі гэта азначае, што я страчу працу, то няхай будзе так, — дадаў ён. — Я пастаўлюся да гэтага рашэння з разуменнем і павагай. Прынамсі, гэтай ноччу я буду спаць спакойна».
Ламур прыйшоў у ФІФА ў лістападзе 2024 года. Раней ён займаў пасаду намесніка генеральнага сакратара УЕФА і знаходзіўся на два ўзроўні ніжэй за Інфанціна ў іерархіі кіравання.
Раней у гэтым месяцы на сустрэчы ў Марока Інфанціна заручыўся падтрымкай высокапастаўленых кіраўнікоў арганізацыі, аднак, як паведамілі крыніцы BBC Sport, Ламур на гэтую сустрэчу запрошаны не быў. Бі-бі-сі звярнулася да яго па каментар.
У лісце, накіраваным членам Савета ФІФА і атрыманым BBC Sport, Маціяс Графстрэм напісаў: «Я хацеў бы праінфармаваць вас пра важную падзею, якая тычыцца кадравых змен у адміністрацыі ФІФА».
«Паводле вынікаў нядаўніх абмеркаванняў ФІФА і наш галоўны аперацыйны дырэктар Кевін Ламур прыйшлі да пагаднення аб спыненні працоўных адносін. Гэтае рашэнне было прынята пасля ўважлівага разгляду і з вялікай павагай да Кевіна як да чалавека і прафесіянала… Я палічыў важным асабіста праінфармаваць вас пра гэта і хацеў бы выказаць Кевіну падзяку за яго ўклад, а таксама за штодзённую працу і адданасць справе ФІФА. Жадаю Кевіну ўсяго найлепшага ў будучыні».
Інфанціна сутыкаецца з усё большым ціскам пасля яго прапановы стварыць новую кампанію для кіравання камерцыйнымі правамі і правамі на продаж білетаў на ўсе турніры ФІФА, уключаючы чэмпіянаты свету.
Ад ідэі стварэння FFE адмовіліся пасля таго, як план Інфанціна прадаць 21% акцый кампаніі прыватным інвестыцыйным фірмам выклікаў шырокую крытыку.
УЕФА, КАНКАКАФ (арганізацыя, якая кіруе футболам у Паўночнай і Цэнтральнай Амерыцы і краінах Карыбскага басейна) і Азіяцкая канфедэрацыя футбола публічна выступілі супраць гэтага плана, прычым УЕФА прыгразіла байкатаваць чэмпіянат свету, калі праект будзе рэалізаваны.
Тады Ламур раскрытыкаваў Інфанціна, а старэйшы дарадца прэзідэнта ФІФА Карлас Кордэйру падаў у адстаўку.
Пасля таго як ад прапановы адмовіліся, УЕФА і КАНКАКАФ заявілі, што ўсё роўна не падтрымаюць кандыдатуру Інфанціна на выбарах прэзідэнта ФІФА, якія пройдуць у сакавіку наступнага года.
У той жа час некаторыя члены КАНКАКАФ, у тым ліку Мексіка, пайшлі насуперак пазіцыі сваёй канфедэрацыі і выказалі падтрымку Інфанціна. Таксама яго падтрымалі канфедэрацыі Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі і Акіяніі.
У панядзелак Шатландская футбольная асацыяцыя стала чарговай арганізацыяй, якая адклікала падтрымку Інфанціна. Раней гэта зрабілі футбольныя асацыяцыі Англіі, Уэльса, Паўночнай Ірландыі і Рэспублікі Ірландыя.
Дабрачынная арганізацыя FairSquare, якая займаецца пытаннямі кіравання ў футболе, паведаміла, што накіравала ў ФІФА ліст з патрабаваннем не дапускаць Інфанціна да ўдзелу ў выбарах.
Каментары