У Лошыцкім парку пачалі аднаўляць гістарычныя млын і капліцу
У Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе пачаліся работы па рэканструкцыі гістарычных млына і капліцы, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».
Фота: «Мінскбуд»
Адначасова работы вядуцца на абодвух аб'ектах. Падрадчыкам выступае тое ж прадпрыемства, якое раней займалася аднаўленнем гістарычнай забудовы XVIII—XIX стагоддзяў на вуліцы Чыжэўскіх, 17 і ў завулку Чыжэўскіх, 5 і 6.
Фота: «Мінскбуд»
На млыне цяпер умацоўваюць падмурак. Канструкцыі армуюць і бетануюць як з вонкавага, так і з унутранага боку. Далей плануецца зрабіць гідраізаляцыю і зваротную засыпку, пасля чаго ўнутры будынка ўладкуюць буранабіўныя палі па ягоным контуры.
На тэрыторыі капліцы праводзяцца археалагічныя даследаванні. Спецыялісты раскрылі падмурак захаванай часткі будынка, а таксама знойдзеную падмуркавую частку страчанай часткі капліцы. Яна зробленая з бутавага каменю і таксама патрабуе ўмацавання знутры і звонку.
Фота: «Мінскбуд»
Акрамя гэтага, на пляцоўцы падсыпаюць схіл і фармуюць адхоны, каб палепшыць рэльеф тэрыторыі, які першапачаткова быў не вельмі зручным для будаўніцтва.
Важную ролю ў рэканструкцыі аб'ектаў адыгрываюць археолагі. Яны працуюць на абедзвюх пляцоўках і шукаюць артэфакты, якія могуць дапамагчы больш дакладна аднавіць гісторыю гэтых будынкаў.
Чытайце таксама:
У Лошыцкім парку адновяць разбураныя капліцу і млын. Як яны будуць выглядаць пасля рэканструкцыі
Чацвёртая шыльда за 2,5 года. На месцы Green у «Лошыцы» адчынілася новая сеткавая крама