БЕЛ Ł РУС

Карціну Шагала выставілі на аўкцыён больш чым за $4 мільёны

4.09.2026 / 21:26

Nashaniva.com

Аўкцыённыя дамы Christie’s і Sotheby’s рыхтуюць восеньскія таргі сучасным мастацтвам. Сярод лотаў традыцыйна ёсць некалькі твораў Марка Шагала, прычым самая дарагая карціна мастака з Віцебска можа быць прададзеная больш чым за $4 мільёны, піша Office Life.

Марк Шагал. «Сяляне». Фото: Sotheby's

Гаворка ідзе пра карціну «Сяляне», якую Шагал напісаў у 1971 годзе, калі жыў на паўднёвым усходзе Францыі ў Сен-Поль-дэ-Вансе разам са сваёй другой жонкай Валянцінай Бродскай.

У цэнтры кампазіцыі мастак паказаў закаханую пару. Мужчына пры гэтым глядзіць не на сваю каханую, а на дахі горада. Магчыма, так Шагал перадаў настальгію па родным доме і Віцебску.

Карціну выставяць на вячэрнія таргі сучаснага і актуальнага мастацтва Sotheby’s у Ганконгу 28 верасня. Верхняя мяжа эстымейту перавышае $4 мільёны.

Цяперашні ўладальнік набыў твор у лістападзе 2018 года на аўкцыёне Christie’s за $1,93 мільёна. Тады карціна была прададзеная значна ніжэй за верхнюю мяжу ацэнкі — $2,5 мільёна. Такім чынам, амаль за восем гадоў яе патэнцыйная аўкцыённая цана вырасла больш чым удвая.

Аўтэнтычнасць карціны пацверджаная Камітэтам Шагала, а ў левым ніжнім куце ёсць подпіс мастака.

Марк Шагал. «Гладыёлусы». Фото: Sotheby's

На наступны дзень, 29 верасня, у Sotheby’s у Ганконгу будуць прадаваць яшчэ адзін твор Шагала — «Гладыёлусы», створаны ў 1950 годзе. Яго ацэньваюць да $570 тысяч.

Яшчэ адну карціну Шагала, прысвечаную цыркавой тэматыцы, выставяць 30 верасня на таргах Christie’s у тым жа Ганконгу. Яе верхняя ацэнка складае каля $700 тысяч.

Чытайце таксама:

Брамнік футбольнага клуба «Віцебск» здзівіў гараджан незвычайным падабенствам да Марка Шагала ФОТА

Выйшла кніга пра габрэйскую гісторыю Віцебска

У Францыі пасля 20 гадоў забыцця выставілі працу Марка Шагала

У Віцебску прадалі будынак былога хедара, дзе вучыўся Марк Шагал

«Над горадам» Шагала прывезлі ў яго родны Віцебск

Каментары да артыкула