73‑гадовага афганца асудзілі па дзвюх палітычных крыміналках
Канстанціну Кахноўскаму інкрымініравалі «распальванне варожасці» і «садзейнічанне экстрэмізму».
Канстанцін Кахноўскі. Фота з ягонай старонкі ў «Аднакласніках»
Канстанціну Кахноўскаму 73 гады. Ён жыве ў Ваўкавыску, хоць у профілях пазначаў і Гродна.
Мужчына скончыў Вайсковы інжынерна-тэхнічны ўніверсітэт у Ленінградзе (ВІТУ). У 1980‑я гады ён прайшоў праз вайну ў Афганістане — служыў у Кабуле афіцэрам вайсковай часці 26190 (5131‑я база вырабу жалезабетонных вырабаў у складзе 40‑й арміі) і кіраваў цэхам, які вырабляў канструкцыі для патрэб савецкага кантынгенту.
Цяпер ён на пенсіі.
Былога вайскоўца судзілі ў Гродзенскім абласным судзе. Яму паставілі ў віну частку 1 артыкула 130 (распальванне сацыяльнай варожасці), а таксама часткі 1 і 2 артыкула 361‑4 КК (садзейнічанне экстрэміцскай дзейнасці). Гэта тыповыя артыкулы, якія выкарыстоўваюцца для беспадстаўнага палітычнага пераследу. Што канкрэтна інкрымінавалі былому афганцу — пакуль невядома.
Кахноўскаму прысудзілі хатнюю хімію.
Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў краіне пачаліся пасля 2020 года. Тады Аляксандр Лукашэнка прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў ёй улады, а змусіў яе выехаць за мяжу. Адбыліся масавыя народныя пратэсты супраць дыктатуры і фальсіфікацыі выбараў. На гэта ўлады адказалі рэпрэсіямі.
Паводле падлікаў аб'яднання сілавікоў «Белпол» і праваабаронцаў, вядомыя імёны як мінімум 10050 чалавек, якія падпалі пад палітычна матываваныя крымінальныя справы. Усяго тыя ці іншыя палітычныя рэпрэсіі (крыміналкі, адміністратыўкі, звальненні, ператрусы, вымушаная эміграцыя) закранулі сотні тысяч беларусаў.
«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць патрабаванне правесці свабодныя выбары з празрыстым падлікам галасоў, а таксама практычна ўсялякую крытыку ўладаў, прарасійскіх гістарычных наратываў, праявы салідарнасці з Украінай, антываенныя выступы.
Чытайце таксама:
25‑гадовага каардынатара IT-праектаў па вяртанні з Польшчы асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»