Паліцыя шукае па ўсёй Еўропе дыверсанта, падазраванага ў атаках на энергасеткі Германіі
Паводле следства, ён перасоўваецца на ровары.
Нямецкая паліцыя працягвае пошукі 48‑гадовага Даніэля В., якога падазраюць у серыі дыверсій на электрападстанцыях у Брандэнбургу, Паўночным Рэйне — Вестфаліі і Саксоніі. Паводле звестак паліцыі Кёльна, мужчына можа перасоўвацца на веласіпедзе Trenoli Tazio Sportivo M, піша BILD.
Следчыя спадзяюцца, што відавочцы дапамогуць высветліць месцазнаходжанне падазраванага. Паводле версіі следства, Даніэль В. — аўтар ліста, у якім невядомы ўзяў на сябе адказнасць за некалькі атак.
Раней паліцыя меркавала, што мужчына хаваецца ў грузавіку, пераабсталяваным у аўтадом. Машыну 4 верасня знайшлі каля Хамбахскага лесу паміж Ахенам і Кёльнам, але самога падазраванага там ужо не было. Цяпер яго шукаюць па ўсёй Еўропе.