БЕЛ Ł РУС

Вядомую егіпецкую тэлевядучую прысудзілі да смяротнага пакарання

6.09.2026 / 17:52

Nashaniva.com

39‑гадовая Сара Халіфа найбольш вядомая па праграме пра крымінал «Місія невыканальная». Яна таксама валодае клінікай пластычнай хірургіі і прадзюсарскай кампаніяй.

Фота: sara_khaliifa / Instagram

Вядомую егіпецкую тэлевядоўцу Сару Халіфа прысудзілі ў Каіры да смяротнага пакарання — па маштабнай справе аб незаконным абарачэнні наркатычных сродкаў, піша Guardian са спасылкай на афіцыйныя егіпецкія СМІ.

39‑гадовая Сара Халіфа найбольш вядомая з праграмы пра крымінал «Місія невыканальная». Яна таксама валодае клінікай пластычнай хірургіі і прадзюсарскай кампаніяй, якая спецыялізуецца на арганізацыі вечарын і мерапрыемстваў.

Халіфу і 11 іншых абвінавачаных па справе прысудзілі да смяротнага пакарання праз павешанне. Іх абвінавацілі ў стварэнні арганізаванай злачыннай групоўкі, якая спецыялізавалася на здабычы сыравіны для вытворчасці наркотыкаў, з мэтай іх збыту, а таксама ў валоданні і нашэнні незарэгістраванай агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў.

Вердыкт быў вынесены пасля таго, як суд кансультаваўся з Вялікім муфтыем Егіпта для атрымання яго рэлігійнага заключэння — працэдура, якой патрабуе егіпецкае заканадаўства ў справах з магчымасцю найвышэйшай меры пакарання.

Прысуд падлягае абскарджанню.

Дзяржаўнае выданне «Аль-Ахрам» паведамляе, што ўлады канфіскавалі больш за 750 кг наркотыкаў і сыравіны, а таксама выявілі дзве кватэры, якія выкарыстоўваліся ў якасці лабараторый, і незарэгістраваную агнястрэльную зброю з боепрыпасамі.

Суд таксама прысудзіў Халіфу і іншых фігурантаў да пяці гадоў пазбаўлення волі па іншай справе, звязанай з выкраданнем і нападам на маладога чалавека.

Егіпет прымяняе смяротнае пакаранне за наўмыснае забойства, тэрарызм, некаторыя злачынствы на сэксуальнай глебе і гандаль наркотыкамі.

Паводле даных Егіпецкай камісіі па правах і свабодах, у 2025 годзе ў Егіпце было вынесена 541 смяротнае пакаранне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула