У Музеі вольнай Беларусі адкрылася выстава пра выбары 2001 года
5 верасня ў Музеі вольнай Беларусі адкрылася экспазіцыя, прысвечаная прэзідэнцкім выбарам у Беларусі 2001 года. Тая электаральная кампанія мелася стаць другімі дэмакратычнымі выбарамі ў нашай краіне, а стала першымі недэмакратычнымі. Выстава так і называецца — «Першыя недэмакратычныя». Матэрыялы для экспазіцыі перадаў у музей польскі палітолаг і праваабаронца Павел Казанецкі, расказвае «Белсат».
Часовая экспазіцыя «Першыя недэмакратычныя». Варшава, Польшча. 5 верасня 2026 года. Фота тут і далей: Рауль Дзюк / Белсат
Дэмакратычныя сілы выбралі ў 2001‑м адзінага кандыдата — Уладзіміра Ганчарыка, хоць многія ставілі на Сямёна Домаша. 9 верасня адбылася першая беларуская — і няўдалая — плошча (з захопам Палацу прафсаюзаў). Вынік: Лукашэнка — 75,65%, Ганчарык — 15,65%. Ні ЗША, ні ЕС вынікаў не прызналі.
Гэтыя выбары былі таксама першай кампаніяй, падчас якой вельмі ярка праявіла сябе вулічная агітацыя, а таксама дзейнасць груп незалежных назіральнікаў і моладзевых палітычных ініцыятыў — «Зубр» ды іншых.
На выставе можна пабачыць, напрыклад, інфармацыйны стыкер з мапай Еўропы з лічбамі сярэдніх заробкаў (Беларусь — $65, Польшча — $400, Нямеччына — $2500), брашуру «Інструкцыя для назіральнікаў ва ўчастковых выбарчых камісіях», выбарчую ўлётку Уладзіміра Ганчарыка (па-расейску) — 7 пунктаў праграмы («Моцная дзяржава — заможныя грамадзяне» і г. д.), нават запальнічку з абгрызенай рыбінай: «У яе не было голасу. А ў цябе?..»
Экспанаты часовай экспазіцыі «Першыя недэмакратычныя»
Уладальнік калекцыі Павел Казанецкі расказаў «Белсату», што збіраў экспанаты 10 гадоў, калі быў у Беларусі і меў кантакты з вельмі рознымі асяродкамі. «Чым была важная і цікавая кампанія 2001 года? Тым, што гэта была першая кампанія, у якой апазіцыя мела магчымасць выкарыстоўваць сучасныя выбарчыя тэхналогіі, дзе, з аднаго боку, была думка пра пазітыўны меседж да грамадства, з другога — пра меседж адмоўны, які паказваў праблемы Лукашэнкі».
На адкрыцці экспазіцыі выступілі таксама палітык Аляксандр Дабравольскі, які ў 2001 годзе быў намеснікам кіраўніка выбарчага штабу адзінага кандыдата, Уладзімір Кобец — адзін з заснавальнікаў і каардынатараў руху «Зубр», журналісты Аляксандр Атрошчанкаў (у 2001 — прэс-сакратар «Зубра») і Фёдар Паўлючэнка (былы дырэктар выдання «Хартыя’97»), палітык Вячаслаў Сіўчык.
Аляксандр Дабравольскі зазначыў, што ў кампаніі 2001 года, калі параўноўваць з іншымі выбарамі, дэмакратычныя сілы мелі найбольшую падтрымку (аж да 2020 года). Паводле сацыялагічных даследаванняў, Лукашэнка не набраў і 10%, а паводле падлікаў амерыканскага паліттэхнолага Трыгвэ Олсана, мусіў адбыцца другі тур выбараў.
Журналіст Аляксандр Атрошчанкаў распавядаў на адкрыцці выставы, як, ён быў прэс-сакратаром «Зубра» і распаўсюджваў напярэдадні выбараў спецвыпуск газеты «Свабода» з артыкулам псіхіятра Дзмітрыя Шчыгельскага пра хваробу Аляксандра Лукашэнкі (Шчыгельскі сцвярджаў, што ў палітыка мазаічная псіхапатыя).
Журналіст Фёдар Паўлючэнка, разважаючы пра тое, чаму перад выбарамі беларускае грамадства не было шакаванае кампраматам пра палітычныя забойствы і «эскадрон смерці», заўважыў што менавіта тады «чыноўнікі і шмат хто са свядомых беларусаў вызначыліся, што рабіць далей».
«Гэтыя рашэнні, якія яны прынялі ў той час, паўплывалі і на падзеі ў Беларусі 2020 года. Для тых, хто тады зразумеў усё, 2020 год не быў дзіўным адкрыццём. Мне здаецца, асноўны выбар, які зрабілі тады і эліты, і беларусы, уплывае насамрэч на ўсіх нас і цяпер. І тая кампанія была вызначальнай», — прыходзіць да высноў Фёдар Паўлючэнка.
Выстава «Першыя недэмакратычныя» ладзіцца ў варшаўскім Музеі вольнай Беларусі пры падтрымцы амбасады Каралеўства Нідэрландаў у Польшчы. З экспазіцыяй можна азнаёміцца да 11 верасня.