БЕЛ Ł РУС

Пад Барысавам паранілі яшчэ аднаго мядзведзя. Людзей просяць не хадзіць у лес

7.09.2026 / 19:05

Nashaniva.com

У паляўнічых угоддзях Барысаўскай міжраённай арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР) падчас палявання быў паранены ўжо другі па ліку мядзведзь. Інцыдэнт адбыўся ў раёне вёсак Хаўхоліца і Нежыцы, паведамляе «Мінская праўда».

Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com

Пасля ранення мядзведзь схаваўся ў лесе. Спецыялісты Барысаўскага БТПР цяпер вядуць яго пошукі. Паколькі звер паранены і можа паводзіць сябе непрадказальна, сітуацыя небяспечная для людзей, якія знаходзяцца ў лесе.

Мясцовых жыхароў і ўсіх, хто плануе наведаць лес у гэтым раёне, заклікаюць часова ўстрымацца ад такіх паходаў. Калі знаходжанне ў лесе неабходнае, рэкамендуецца быць асабліва асцярожнымі, не сыходзіць з вызначаных маршрутаў і ўважліва сачыць за наваколлем.

Калі хтосьці заўважыць мядзведзя або яго сляды, неабходна неадкладна пакінуць небяспечнае месца і паведаміць пра гэта ў Барысаўскі аддзел БТПР або МНС.

Пошукі параненай жывёлы працягваюцца.

Раней, 8 жніўня, падчас палявання ў гэтым жа раёне быў паранены яшчэ адзін мядзведзь. Ён таксама здолеў схавацца ў лесе.

Чытайце таксама:

Паляўнічыя паранілі мядзведзя. Цяпер мясцовым раяць не хадзіць у лес

Чаму ў Мінску ўсё часцей можна сустрэць дзікіх жывёл?

Сям'ю мядзведзяў сустрэлі ў Мядзельскім раёне

На пчальніку пад Віцебскам мядзведзь спрабаваў забраць адзін з вуллёў з сабой у лес

Каментары да артыкула