БЕЛ Ł РУС

У Расіі затрымалі меркаванага нападніка на генерала стратэгічнай авіяцыі

8.09.2026 / 08:27

Nashaniva.com

У Астраханскай вобласці затрымалі 21‑гадовага грамадзяніна Малдовы, якога падазраюць у замаху на высокапастаўленага расійскага вайскоўца пад Энгельсам. ФСБ сцвярджае, што за забойства яму паабяцалі 70 тысяч даляраў. Незалежнага пацвярджэння гэтай версіі няма.

Пра затрыманне Мікалая Кочу паведамілі ФСБ і Следчы камітэт Расіі. Паводле іх версіі, мужчыну завербавала ў сацыяльных сетках украінская спецслужба. У сакавіку 2026‑га ён нібыта прайшоў падрыхтоўку ў Кіеве, а ў чэрвені праз трэція краіны прыехаў у Расію.

Расійскае следства сцвярджае, што раніцай 3 верасня ў пасёлку Прабуджэнне Энгельскага раёна Кочу не менш за шэсць разоў стрэліў у расійскага вайскоўца. Пасля нападу ён уцёк на матацыкле.

Расійскія органы не называюць імя вайскоўца, кажучы толькі, што ён належыць да вышэйшага каманднага складу Міністэрства абароны. Ніводнага здымка з месца здарэння не было апублікавана. 

Раней тэлеграм-каналы паведамлялі, што ахвярай замаху стаў генерал-маёр Мікалай Варпаховіч — камандзір 22‑й гвардзейскай цяжкай бамбардзіровачнай авіяцыйнай дывізіі. Афіцыйнага пацвярджэння гэтай інфармацыі няма.

Расійскае следства заяўляе, што вайсковец выжыў дзякуючы своечасовай медыцынскай дапамозе і яго жыццю нічога не пагражае.

Справу расследуюць паводле артыкулаў аб замаху на забойства і незаконным абароце зброі.

22‑я авіяцыйная дывізія базуецца ў Энгельсе. У яе склад уваходзіць полк стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў Ту-95МС, здольных несці крылатыя ракеты Х-101.

Украінскае следства лічыць, што Варпаховіч аддаў загад нанесці 1 сакавіка 2022 года ракетны ўдар па кіеўскай тэлевежы. Тады загінулі пяць мірных жыхароў, у тым ліку 12‑гадовая дзяўчынка, яшчэ шэсць чалавек былі параненыя.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула