У Германіі затрымалі дыверсанта, падазраванага ў атаках на энергасеткі Германіі
48‑гадовага Даніэля В., якога шукалі па ўсёй Еўропе, затрымалі каля электрастанцыі.
Нямецкая паліцыя затрымала Даніэля В., падазраванага ў атаках на электрападстанцыі ў Брандэнбургу, Паўночным Рэйне — Вестфаліі і Саксоніі, паведамляе BILD.
Мужчына трапіў на дарожную праверку ў раёне Вайсвайлера ў Паўночным Рэйне — Вестфаліі, непадалёк ад мясцовай электрастанцыі. Паліцыя пацвердзіла выданню яго затрыманне. Супраціву ён не аказваў.
Даніэля В. шукалі з 3 верасня. Следства лічыць яго адказным за некалькі дыверсій на аб’ектах энергетычнай інфраструктуры.
Спачатку паліцыя меркавала, што падазраваны хаваецца ў грузавіку, пераабсталяваным у аўтадом. Машыну 4 верасня знайшлі, але самога Даніэля В. там не было. Пазней паліцыя дапусціла, што ён перасоўваецца на ровары, і абвясціла яго ў еўрапейскі вышук.