БЕЛ Ł РУС

Бабарыка: Я разумею, што Эдуард закладнік, але мне ніхто і ніколі не выстаўляў умоваў

9.09.2026 / 11:32

Вінцэсь Клепачэня

Былы палітвязень, банкір і экс-прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктар Бабарыка ў інтэрв'ю Delfi расказаў, ці даводзіцца яму абмяжоўваць сябе ў публічных выказваннях праз тое, што яго сын Эдуард па-ранейшаму знаходзіцца за кратамі.

Эдуард разам з бацькам Віктарам Бабарыкам. Архіўнае фота: t.me / viktarbabarykaofficial

Падчас вялікай размовы вядоўца спытаў у Бабарыкі, ці звязвае яму рукі зняволенне сына і ці не прымушае гэты фактар да самацэнзуры.

«Я магу сказаць, што гэта вельмі складаны стан для мяне. Яшчэ больш складаны, напэўна, для Эдуарда. Хаця я не ведаю, як ён. Чаму складаны для мяне? Я разумею, што ён закладнік», — адказаў Бабарыка.

«Але ўсё жыццё той, хто трымае закладніка, выстаўляў умовы. Калі ты захапіў закладніка, то ты па ідэі павінен сказаць, навошта ты яго захапіў».

«А інакш нейкае рабства атрымліваецца», — заўважыў вядоўца.

«Я нават не ведаю, ці рабства гэта. (…) Ты зрабіў сабе нейкі фетыш у выглядзе закладніка. і разумееш, што, з аднаго боку, аддаць яго — страх так экзістэнцыяльна не сыходзіць, а трымаць — таксама не разумееш, які сэнс.

І вось для мяне вось як раз гэта праблема. То-бок мне ніколі за ўсе пяць з паловай гадоў, што я знаходзіўся ў турме, і цяпер ніхто не выстаўляў умоў адносна Эдуарда. «Не зробіш тое — і тады Эдуарда выпусцяць». Ці, наадварот, зробіш тое».

Менавіта адсутнасць якіх-небудзь умоў, патлумачыў Бабарыка, і пакідае яго ў нявызначанасці наконт таго, як паводзіць сябе публічна.

«Што я буду рабіць ці што я буду не рабіць — я не ведаю, як гэта будзе ўздзейнічаць на лёс Эдуарда. Буду гаварыць я тое, што хачу, ці буду гаварыць тое, што хацела б чуць улада».

Як вынікае са слоў Бабарыкі, у гэтай дылеме для яго важны прынцып, якога яны з сынам прытрымліваліся і раней:

«У мяне і з маімі сябрамі, і з сям'ёй заўсёды было адно разуменне: кожны з нас робіць свой выбар.

У 2020 годзе Эдуард зрабіў свой выбар. Так, прапанаваў яму я, але прыняў гэтую прапанову ён».

Калі ў канцы гэтай часткі размовы вядоўца пажадаў Бабарыку, каб Эдуард апынуўся сярод наступнай групы вызваленых палітвязняў, Віктар адказаў:

«Дзякуй вялікі. Я на гэта вельмі-вельмі спадзяюся».

Чытайце таксама:

«Да канца года, спадзяюся, зможам рэалізаваць адну-дзве рэчы». Бабарыка — пра свой новы праект і беларускую мову

«У мяне была магчымасць паехаць іншай дарогай». Віктар Бабарыка — пра дзень затрымання 6 гадоў таму

«Ганаруся, калі мне кажуць, што я — наіўны». Віктар Бабарыка выступіў на кніжным кірмашы ў Варшаве

Каментары да артыкула