Грамадства

«У мяне была магчымасць паехаць іншай дарогай». Віктар Бабарыка — пра дзень затрымання 6 гадоў таму

Шэсць гадоў там, 18 чэрвеня 2020 года, быў затрыманы былы кіраўнік Белгазпрамбанка і прэтэндэнт на кандыдаты ў прэзідэнты Віктар Бабарыка. Разам з ім затрымалі і яго сына Эдуарда. У гадавіну тых падзеяў «Белсат» згадвае тое, што адбывалася. Палітык таксама распавядае пра новае аб’яднанне, якое стварае — Belarus Network.

Фота: Lookby.Media

«Чаму я павінен ратавацца сам, а ўсіх астатніх пакінуць?» 

Раніца 18 чэрвеня 2020 года распачалася для Віктара Бабарыкі з папярэджання кіроўцы аб тым, што ўсе дарогі ў вёску перакрытыя, і, хутчэй за ўсё, будуць затрыманні. Прэтэндэнт на кандыдаты ў прэзідэнты збіраўся ехаць разам з сынам Эдуардам у ЦВК здаваць сабраныя за сябе подпісы.

«У мяне была магчымасць паехаць іншай дарогай, бо выездаў з вёскі, у якой я жыў, было даволі шмат. Але я ўсё ж такі прыняў рашэнне ехаць звычайнай дарогай. Адзінае, што я зрабіў — сам сеў за стырно ў сваю машыну, каб не падстаўляць кіроўцу, і паехаў. На выездзе з вёскі мяне ўжо чакалі і затрымалі», — згадвае палітык.

Разам са спадаром Віктарам быў затрыманы ягоны сын. Сілавікі не паказалі пасведчанні, і не растлумачылі дакладна, з якога яны органу. Яны селі за стырно аўтамабілю Бабарыкі, яго пасадзілі на заднее сядзенне, і паехалі ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў. 

Тое, што будуць затрыманні, было зразумела ўжо за тыдзень да тых падзеяў, калі арыштавалі амаль увесь кіроўны склад Белгазпрамбанку, кажа былы палітвязень. 

«У мяне быў цэлы тыдзень на тое, каб, калі б было жаданне, з’ехаць. А па-другое, я думаў, што рэжым не настолькі слабы, бо Аляксандр Лукашэнка тады заяўляў, што ні за што не пасадзіць Бабарыку да вырабаў. Тады здавалася, што ўсё гэта ненадоўга. А трэцяе, паводле маіх прынцыпаў, гэта было б чыстай вады здрадай тых людзей, якія былі са мной. Чаму я павінен ратавацца сам, а ўсіх астатніх пакідаць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь? Для мяне гэта было незразумела», — кажа Бабарыка. 

Разуменне — гэта надоўга 

У дзень затрымання палітыка спачатку доўга трымалі ў ДФР, потым перавезлі ў «амерыканку» — СІЗА КДБ, і там увечары павялі на допыт, які перарвалі каля восьмай-дзявятай гадзіны вечара і адправілі спадара Віктара назад у камеру. 

«Ужо ў камеры я чуў нейкія гудкі з вуліцы, іншы шум. І тады тыя, хто быў са мной у камеры, сказалі: гэта, напэўна, пратэсты праз вас. Я, шчыра кажучы, не надта ў гэта паверыў, бо для мяне гэта было нечакана. Я не думаў, што так будзе, але потым аказалася, што гэта праўда», — кажа ён.

Тое, што ўсё ўсур’ёз і надоўга, стала разумела пасля 9 жніўня, калі пачаліся жорсткія задушэнні пратэстаў, зазначае палітык. Хоць інфармацыя даходзіла з вялікай затрымкай, адвакатаў не пускалі, але з тых абрыўкаў, што распавядалі, было зразумела, што ўлады пайшлі на беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі. 

«З аповедаў адвакатаў было зразумела, што гэта будзе вельмі жорсткае задушэнне. Ды і Расея тады акрэсліла сваю пазіцыю — было сказана, што іхныя дывізіі ўжо стаяць у гатовасці падключыцца да задушэння. То бок, яны тым самым развязалі рэжыму рукі. Тады стала ясна, што ёсць вялікі шанец, што ўсё гэта надоўга», — згадвае былы палітвязень. 

Пра сустрэчу з Лукашэнкам у СІЗА КДБ 

10 кастрычніка 2020 года Лукашэнка зладзіў у СІЗА КДБ сустрэчу з палітвязнямі, сярод якіх быў у тым ліку і Віктар Бабарыка. Суразмоўца «Белсата» кажа, што дагэтуль не разумее, навошта была тая сустрэча. Адзінае тлумачэнне, якое ён бачыць, магчыма, у тым, што «Лукашэнка, напэўна, хацеў паверыць, што за намі стаяць нейкія мільёны страшных сілаў, а не беларускі народ, убачыць нейкіх страшных злодзеяў, якія хацелі штосьці зрабіць». 

Магчыма, гэтых «злачынцаў» Лукашэнка хацеў паказаць і свайму малодшаму сыну Мікалаю, якога прывёў на сустрэчу, кажа Бабарыка. Але ў яго гэта не атрымалася, бо замест злачынцаў ён убачыў звычайных людзей. 

Таксама магчыма, што на той сустрэчы Лукашэнка хацеў псіхалагічна зламаць сваіх апанентаў. Палітык згадвае два балючыя асабіста для яго моманты: 

«Па-першае, ён тады дакладна абазначыў, якім будзе мой тэрмін — так і сказаў: Бабарыка, вам сядзець 14 гадоў. Ведаючы, як у нас працуе судовая сістэма, я зразумеў, што мне сапраўды сядзець 14 гадоў. А другое — ён нанёс даволі жорсткі ўдар, калі сказаў: ну вось вы самі пайшлі, але навошта вы падставілі самае святое — сына? Але, я думаю, і яго моцна закранула, калі Эдуард перарваў яго і сказаў: гэта быў не выбар бацькі, гэта быў мой асабісты выбар. Гэтыя моманты былі значныя для мяне на той сустрэчы. Ва ўсім астатнім я дагэтуль не разумею, навошта яна была патрэбная». 

Лукашэнка на той сустрэчы, па ўспамінах Бабарыкі, выглядаў, як заўсёды — як чалавек, у якога ўлада — галоўная каштоўнасць жыцця, дзеля якой ён не спыніцца ні перад чым. Але таксама тады перад палітвязнямі быў чалавек, які, напэўна, упершыню быў на валасок ад таго, каб згубіць сваю ўладу, перакананы ён. 

«І ён хацеў убачыць тых, хто хацеў і мог бы гэтую ўладу ў яго забраць. Але не ўбачыў нікога, акрамя беларускага народу. Але ён не быў разгублены тады. Ён выглядаў як чалавек, цалкам апантаны ўладай», — кажа палітык. 

«Псіхалагічная таблетка» 

Пасля быў суд — 6 ліпеня 2021 года суддзя Ігар Любавіцкі пакараў Віктара Бабарыку менавіта такім тэрмінам, як і агучыў у СІЗА КДБ Лукашэнка — 14 гадамі зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Палітыка абвінавацілі ў «легалізацыі («адмыванні») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам» (арт. 235 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і ў «атрыманні хабару» (арт. 430). 

Бабарыка правёў больш як чатыры гады ў Наваполацкай папраўчай калоніі №1. Ён быў вызвалены 13 снежня 2025 года і вывезены разам з групай іншых палітвязняў ва Украіну, адкуль паехаў у Польшчу і далей у Нямеччыну, дзе цяпер зноў пачынае ўсё з нуля. Палітык кажа, што гэта як трэцяе жыццё, нейкі новы стан. Да 2020 года ён жыў у сваёй роднай краіне з пэўнымі магчымасцямі, планамі. А потым былі шэсць гадоў ва ўмовах, не падобных ні на што, перажытае раней і пасля. 

Цяпер трэці этап, у якім усё пачынаецца наноў і трэба выбудоўваць жыццё з нуля. 

«Напэўна, прыйсці ў сябе на гэтым этапе — гэта ўсвядоміць, што ты зноў усё пачынаеш наноў. Мо, да канца і немагчыма прыйсці ў сябе — можна толькі пастарацца сябе захаваць», — зазначае палітык. 

У гэтым новым жыцці ад адчаю і цяжкіх перажыванняў ратуе, як Бабарыка сам кажа, «псіхалагічная таблетка»: калі кепска, здацца, што ўсё складана і нічога не атрымліваецца, былы палітвязень згадвае, дзе быў 12 снежня 2025 года — у калоніі. Мала што можа параўнацца з тым месцам па ўзроўню складанасці, зазначае ён: 

«Гэтая «таблетка» дапамагае заўсёды, бо ты разумееш, што ты на волі, і тут ты можаш нашмат больш, і варыянтаў у цябе больш, як бы цяжка ні было. Хоць, зразумела, што псіхалагічна цяжка пачынаць з нуля ў сталым веку, але гэта дакладна лепш, чым быць у турме». 

«Не можа быць, каб 6 гадоў у турме не адбіліся на здароўі» 

Што датычыць фізічнага здароўя, то Бабарыка кажа, што ніколі не клапаціўся пра яго так, як у турме і пасля выхаду з яе. За кратамі былі дзве галоўныя мэты: захаваць ментальнае і фізічнае здароўе. А на волі, у Нямеччыне мясцовыя лекары пераканалі палітыка, які не моцна любіць лякарні і медычныя працэдуры, што «не можа быць, каб шэсць гадоў у труме ніякі не адбіліся на здароўі». 

«А таму трэба рабіць поўны «тэхнічны агляд», — жартуе Бабарыка. — І ў гэтым кірунку я і рухаюся». 

У новым, вольным жыцці былы палітвязень хоча рабіць тое, што рабіў і раней — «будаваць, ствараць штосьці новае і добрае», нават калі цяпер іншыя, чым на радзіме, рэсурсы і магчымасці. Бабарыка мае намер прыкладаць максімум высілкаў для беларускага народу. 

«Панятак «Беларусь» для мяне вельмі ўмоўны, я не вельмі разумею, што такое — Беларусь. Але я разумею, што такое — беларускі народ. Я разумею гэтых людзей, яны дарагія для мяне, бо мы разам жылі, мне падабаюцца іх каштоўнасці, я падзяляю многія іхныя перакананні. Таму я прыкладу максімум высілкаў для таго, каб у іх з’явілася больш магчымасцяў для самарэалізацыі, каб яны зразумелі што павага і воля — самае каштоўнае», — разважае палітык. 

«Я люблю ўтопіі» 

У тым ліку з гэтай мэтай Бабарыка задумаў праект Belarus Network. Паводле вызначэння, гэта будзе сістэма знаходжання, аб’ядноўвання і мабілізацыі рэсурсаў беларусаў унутры краіны і за яе межамі для развязання агульных задач і захавання суб’ектнасці беларускай нацыі. 

«Як бы гэта ўтапічна ні гучала, а я люблю ўтопіі, гэта будзе аналаг сеткавай дзяржавы. Ва ўсялякім разе, мы паспрабуем. У нас няма сёння магчымасці жыць разам. Але ў нас ёсць новыя тэхналогіі, якія дазваляюць нам жыць, працаваць, дапамагаць, узаемадзейнічаць. У нас няма тэрыторыі, але ёсць віртуальнае асяроддзе, у якім мы паспрабуем штосьці зрабіць», — тлумачыць былы палітвязень. 

Гэта не будзе нейкая віртуальная Беларусь, але Беларусь, пабудаваная на сістэме камунікацыяў, якія выкарыстоўваюць сучасныя тэхналогіі, зазначае палітык. І віртуальнае асяроддзе тут будзе не мэтай, а інструментам для камунікацыі. 

Бабарыка ўважае важным стварыць такое асяроддзе, бо, на яго думку, без камунікацыі, без аб’яднання, без разумення адзін аднаго мы рызыкуем апынуцца ў сітуацыі, калі кожны будзе ў сваім пухіры. Канчатковая ж мэта праекту — «даць магчымасць беларусам вольна абіраць, у якой краіне яны хочуць жыць. 

«Не трэба распавядаць за беларусаў, якой яны хочуць бачыць Беларусь. Давайце ім створым умовы, пры якіх яны гэта скажуць самі», — рэзюмуе былы палітвязень. 

Напрыканцы чэрвеня ў Варшаве плануецца правядзення афлайн-сустрэч, на якіх канцэпцыя Belarus Network будзе прадстаўленая больш дэталёва. 

Каментары

Цяпер чытаюць

Новыя дэталі знікнення Анатоля Котава. Яхта з ім змяніла курс на Абхазію, дзе яго вывелі супрацоўнікі ФСБ. Але выкраданне ці інсцэніроўка?5

Новыя дэталі знікнення Анатоля Котава. Яхта з ім змяніла курс на Абхазію, дзе яго вывелі супрацоўнікі ФСБ. Але выкраданне ці інсцэніроўка?

Усе навіны →
Усе навіны

Чалавек, якога абвінавачвалі ў забойствах, займаўся з дзецьмі ў летніку ў Віцебскай вобласці7

Пашынян публічна назваў аднаго са сваіх апанентаў «прабеларускім алігархам»3

Каб даць рады паліўным праблемам, Расія пачала закупляць бензін у азіяцкіх краін1

З'явілася ВІДЭА з месца трапляння дрона ў беларускі аўтобус6

Міністр абароны Украіны: Найбліжэйшым часам Крым ператворыцца ў востраў1

Лукашэнка сёння займаецца праблемай узбуйнення Дрыбінскага раёна

Палітзняволеная Аляксандра Каско перанесла за кратамі аперацыю

Міністр аховы здароўя ўдакладніў лічбу пацярпелых у Бранскай вобласці беларусаў2

Што вядома пра жанчыну, якая загінула ў аўтобусе, што вёз беларускіх футбалістаў-школьнікаў у Геленджык?23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Новыя дэталі знікнення Анатоля Котава. Яхта з ім змяніла курс на Абхазію, дзе яго вывелі супрацоўнікі ФСБ. Але выкраданне ці інсцэніроўка?5

Новыя дэталі знікнення Анатоля Котава. Яхта з ім змяніла курс на Абхазію, дзе яго вывелі супрацоўнікі ФСБ. Але выкраданне ці інсцэніроўка?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць