БЕЛ Ł РУС

Жаночы форум з Хакамадай у Мінску перанеслі. А яе імя знікла з анонсаў

9.09.2026 / 14:30

Міра Нікановіч

Афіцыйная прычына — дата супала з Днём горада.

12 верасня ў Мінску планавалі зладзіць вялікі жаночы форум «PROтебя: новый рубеж». Хэдлайнеркай мусіла быць расійская бізнэс-лектарка Ірына Хакамада — былы апазіцыйны палітык.

Яна збіралася выступіць з лекцыяй пра віды энергіі, а ў кампанію да яе клікалі яшчэ некалькі бізнэс-трэнерак і матывацыйных спікерак, а таксама псеўданавукоўку Катрыну Ар’е з выступам пра дадатковыя вымярэнні.

Падзею збіраліся праводзіць у Falcon Club Arena — паводле сайта форума, тая зала разлічаная на 2 тысячы чалавек.

Вось толькі днямі стала вядома, што 12 верасня форум не адбудзецца. Арганізатары паведамілі пра гэта ў сваім звароце, у якім тлумачаць перанос падзеі «сукупнасцю фактараў» і называюць як адзін з іх «важнае дзяржаўнае свята»:

«У гэты дзень, калі было запланавана, мы вас, на жаль, не збярэм. Але ў гэтую дату мы ўсёй сталіцай адзначым Дзень горада Мінска.

Наша падзея не адмяняецца. Мы ўсяго толькі змяняем дату і трохі мадэруем склад спікераў у бок узмацнення».

Што ж адбываецца са складам спікераў? Мяркуючы па сайце форума, з яго знікла толькі хэдлайнерка Ірына Хакамада — цяпер замест яе абяцаюць новага спікера, імя якога хутка раскрыюць. Таксама арганізатары часова спынілі прыём аплаты за квіткі.

У акаўнце форума ў інстаграме цяпер стаіць новая дата: форум пройдзе 25 кастрычніка.

За апошнія пару тыдняў прапагандысты некалькі разоў згадвалі форум у сваіх каналах. Іх асабліва цікавіла былая палітычная актыўнасць Хакамады — «лютай ненавісніцы Лукашэнкі».

Чытайце таксама:

У Мінску ладзяць вялікі жаночы форум з Хакамадай — квіткі ад 250 рублёў, сярод спікераў псеўданавукоўка

«Не трэба спрабаваць стаць японцам». Як праграміст з Беларусі кіруе офісам у Токіа

Да вёскі пад Гроднам прыбілася знясіленае казуляня. У заапарку паказалі, што з ім цяпер ВІДЭА

Каментары да артыкула