Гродзенскі блогер Міша, якога пасадзілі за махлярства з данатамі, пасля вызвалення разам з каханай зноў збірае данаты
Не паспелі скончыцца і трэція суткі, як 18‑гадовы блогер Міхаіл Драгун выйшаў на свабоду, а пара ўжо зноў просіць данаты. Гэтым разам збіраюць сабе на вяселле — але і тут ёсць хітрыкі.
Яўгенія Тарасенка і Міхаіл Драгун. Фота з яе інстаграма
38‑гадовая блогерка Яўгенія Тарасенка распавяла падпісчыкам, што яна з Міхаілам ужо паспела збегаць у ЗАГС і падаць дакументы, каб пабрацца шлюбам.
Кажа, што яны даўно хацелі распісацца, але не паспелі гэта зрабіць да затрымання (дарэчы, на той момант Міхаілу было ўсяго 17 гадоў): «Чалавек правяраецца часам, і наша расстанне турмой згуртавала нас яшчэ больш. Я чарговы раз на ўчорашняе пытанне Мішы: «Ты станеш маёй жонкай?» — я сказала: ТАК!».
Але ж Яўгенія скардзіцца, што грошай на свята ў іх няма. Маўляў, вяселле было іх марай, адкладаць роспіс яны не збіраюцца: «У нас няма магчымасці набыць пярсцёнкі, нават вясельнай сукенкі ў мяне няма… Я ўжо маўчу пра сціплае святкаванне ў коле блізкіх, якое ёсць базай…»
Таму пара заклікае павіншаваць іх данатамі і пералічыць грошы на нумар МТС — маўляў, дабрачынцам усё вернецца бумерангам.
Але ж насамрэч нумар, які апублікавала Яўгенія, фігуруе ў тэрміновым зборы на лекаванне Дарыны Янушэўскай з Гродна — у маленькай дзяўчынкі рак левага вока.
Што сапраўды Міхаіл ды Яўгенія думаюць рабіць з вяселлем — невядома. Але ж адна цырымонія ў іх ужо была.
Летась пара распавядала ў сваіх інстаграмах пра незямное каханне — цяпер тыя старонкі ці то выдаленыя, ці то заблакаваныя, але, як кажуць, інтэрнэт усё памятае.
Міхаіл пісаў, што ўпершыню пацалаваў каханую ў ліпені 2024 года, а роўна праз год зрабіў прапанову рукі і сэрца. Па яго словах, у жніўні 2025 года яны афіцыйна сталі мужам і жонкай.
Фота з таго самага фэйкавага вяселля
Былі і прыгожыя фотаздымкі: «жаніх» і «нявеста» былі ў белым, дэманстравалі пярсцёнкі.
Але ж, як высветлілася, усё гэта было пастаноўкай. Фэйк выкрыўся пасля затрымання пары — у афіцыйных зводках блогераў называлі проста сужыцелямі.
Чытайце таксама:
Вынеслі прысуд гродзенскаму блогеру, якога вінавацілі ў махінацыях са зборам на Ваню Сцяцэнку
Сілавікі расказалі, як гродзенскія блогеры трацілі мільён, сабраны нібыта на лячэнне дзіцяці