БЕЛ Ł РУС

Украіна аб'явіла ў вышук «Жэню з Гомеля». Што пра яго вядома?

9.09.2026 / 22:28

Nashaniva.com

Украіна абвясціла ў вышук 43‑гадовага гамельчука Яўгена Малінковіча. Яму выставілі абвінавачванні паводле некалькіх крымінальных артыкулаў, у тым ліку за парушэнне міжнародных правіл гандлю таварамі падвойнага прызначэння і дапамогу краіне-агрэсару ў складзе групы па папярэдняй змове, паведаміла «Радыё Свабода». Выданне «Флагшток» сабрала, што пра гэтага чалавека вядома.

Яўген Малінковіч. Фота атрыманае ад «Кіберпартызанаў»

Чарнігаўская абласная пракуратура раней апублікавала позву Малінковічу, зарэгістраванаму на вуліцы Ірынінскай у Гомелі. Яго выклікалі ў следчы аддзел абласнога ўпраўлення СБУ ў якасці падазраванага.

Расследаванне справы праводзілася завочна, а цяпер матэрыялы перадалі ў суд. Гамельчуку прызначылі адваката. Абаронца выступіў супраць завочнага арышту, заявіўшы, што следства парушыла працэдуру паведамлення Малінковічу пра выстаўленае падазрэнне. Суд гэтую скаргу не задаволіў.

Паводле інфармацыі следства, Малінковіч арганізоўваў пастаўкі з Украіны праз Польшчу ў Расію аптычнага шкла для разанскага ТАА «КОЛТ», якое выконвае заказы для расійскай вайсковай прамысловасці. Прадукцыю ў Польшчу перавозілі грамадзяне Украіны. Следчыя зафіксавалі некалькі такіх перавозак, але іх агульны аб'ём не раскрываецца.

Украінскія ўдзельнікі схемы падчас расследавання называлі Малінковіча «Жэнем з Гомеля».

Гаворка ішла пра шкло з маркіроўкай «МС23», «БК-110» і «ТК-114». Паводле экспертаў, такія віды шкла выкарыстоўваюцца ў Расіі пры вытворчасці вайсковых прыбораў. Калі віну гамельчука дакажуць, яму можа пагражаць да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Малінковіч скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. З 2005 па 2020 год ён працаваў на кандытарскай фабрыцы «Спартак», дзе прайшоў шлях ад таваразнаўца да менеджара.

У 2021 і як мінімум у 2022 годзе Малінковіч працаваў у гомельскім ТАА «Будэнергасэрвіс-Плюс», якое займаецца агульным будаўніцтвам і будаўніча-мантажнымі работамі.

Пасля гэтага звесткі пра яго практычна знікаюць. У інтэрнэце не знайшлося свежых згадак пра Малінковіча, а ў сацыяльных сетках захаваліся толькі яго старыя старонкі. Таксама была знойдзена, верагодна, актуальная старонка з закрытым профілем, якая вядзецца пад іншымі данымі.

У якой краіне цяпер знаходзіцца Яўген Малінковіч, невядома.

Чытайце таксама:

Стральба паміж ГУР і СБУ. Хто стаў прычынай канфлікту?

Двое беларусаў, якія мелі сувязі з расійскай вайсковай прамысловасцю, прызналі сваю віну ў Літве

Беларускі добраахвотнік Жэрар расказаў сваю версію справы, якую завялі на яго ва Украіне

Ва Украіне расследуюць справу злачыннай арганізацыі з удзелам дэпутатаў і высокапастаўленых асоб адміністрацыі прэзідэнта

Яшчэ адзін суд у Кіеве адмовіўся разглядаць справу затрыманай па падазрэнні ў шпіянажы журналісткі Кардаш

Каментары да артыкула