Статыстычны паказчык кажа, што беларусы ўжо багацейшыя за палякаў і нават італьянцаў. Як такое магчыма?
Беларусы нібыта могуць купіць на свой сярэдні заробак больш, чым палова Еўропы. Але ёсць некалькі нюансаў пры падліках.
Вуліца Мінска. Ілюстрацыйнае фота: blisch.by
Наступныя за Бельгіяй
Складана знайсці адзін універсальны паказчык, каб падлічыць, жыхары якой краіны багацейшыя, а якой — бяднейшыя. У кожнай з методык ёсць свае плюсы, але ёсць і недахопы.
Адно з папулярных (але таксама неідэальных) рашэнняў — параўноўваць заробкі на рукі, але з пералікам на «міжнародны даляр» (PPP) па парытэце купчай здольнасці. У такім разе ўлічваецца, што за адзін даляр у Беларусі можна купіць больш, чым ва ўмоўнай Швейцарыі.
У англамоўнай версіі артыкула «Спіс еўрапейскіх краін па сярэдняй заработнай плаце» па гэтым паказчыку Беларусь знаходзіцца на 19‑м месцы сярод 48 краін Еўропы — у першай палове.
Услед за Беларуссю ідуць Італія, звесткі пра якую не абнаўляліся з 2023 года, Польшча, у якой разлікі робяцца па стане на ліпень 2026 года, як і ў нашай краіне. Яшчэ далей — Расія, Харватыя і Славенія.
Гледзячы на тыя лічбы, можна прыйсці да высновы, што сярэднестатыстычны беларус жыве крыху лепш, чым сярэднестатыстычны паляк і расіянін, бо на свой заробак нібыта можа дазволіць сабе больш.
Фота: скрыншот артыкула з Вікіпедыі
Ці сапраўды гэта так?
Эксперт BEROC Настасся Лузгіна падобны падыход да ацэнкі дабрабыту насельніцтва называе не зусім дакладным.
Для ўзроўню ацэнкі эканамічнага развіцця і ўзроўню матэрыяльнага дабрабыту лепш выкарыстоўваць ВУП краіны па парытэце купчай здольнасці на душу насельніцтва, а не сярэднія зарплаты.
Як мінімум з прычыны таго, што ў рэальным жыцці людзі трацяць грошы не толькі на тавары мясцовай вытворчасці, транспарт або ЖКГ, якія ў Беларусі, напрыклад, субсідуюцца дзяржавай, адзначае эканаміст.
А вось да ўсяго трансгранічнага (любы імпарт, паездкі, набыццё валюты) міжнародны даляр (PPP) не мае дачынення — там дзейнічае намінал: Беларусь €758 чыстымі супраць €1539 у Польшчы і €2017 у Італіі.
Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва
Але калі параўноўваць проста лічбы сярэдніх заробкаў у пераводзе ў даляры ці еўра, то карціна атрымаецца таксама скажонай, як і ў выпадку пераліку зарплаты ў міжнародны даляр.
То-бок той факт, што сярэдні заробак у Фінляндыі ў чатыры разы вышэйшы, чым у Беларусі, не кажа, што ў сярэднім фіны жывуць у чатыры разы багацей за беларусаў.
Ідэальнага метаду не існуе
«Таму дадзеныя ВУП па парытэце купчай здольнасці на душу насельніцтва будуць больш аб'ектыўна апісваць карціну. І калі мы будзем параўноўваць Польшчу і Беларусь па гэтым паказчыку, то перавага ўжо будзе ісці не на карысць нашай краіны», — тлумачыць Лузгіна.
Так, па методыцы МВФ, у 2026 годзе (прагназаваны) ВУП па парытэце купчай здольнасці на душу насельніцтва ў Польшчы складае амаль 59 792 міжнародных даляраў. У Беларусі ж гэты паказчык МВФ ацэньвае на ўзроўні 35 616 міжнародных даляраў.
«Гэта значыць, што палякі, паводле такога падліку, у сярэднім у 1,68 разу маюць больш высокі ўзровень матэрыяльнага дабрабыту ў параўнанні з беларусамі. Такі метад таксама не на 100% дакладны, але найбольш рэлевантны.
Для больш поўнай ацэнкі варта таксама параўнаць, напрыклад, фактычнае індывідуальнае спажыванне. Пры гэтым ВУП па парытэце купчай здольнасці на душу насельніцтва таксама паказвае дынаміку, што разрыў у эканамічным развіцці паміж краінамі павялічваецца: дзесяць гадоў таму, у 2016 годзе, ВУП па парытэце купчай здольнасці на душу насельніцтва ў Польшчы быў у 1,56 разу больш, чым у Беларусі».