БЕЛ Ł РУС

Дырэктара «Камунаркі» асудзілі на сем гадоў за карупцыю

10.09.2026 / 15:41

Nashaniva.com

Сяргей Анюхоўскі быў членам Савета Рэспублікі. А яшчэ раней там жа засядаў і яго бацька.

Былога генеральнага дырэктара «Камунаркі» Сяргея Анюхоўскага прызналі вінаватым у перавышэнні ўлады і службовых паўнамоцтваў (ч. 3 арт. 426 КК), а таксама ў атрыманні хабару ў буйным памеры (ч. 2 арт. 430 КК). Вярхоўны суд прысудзіў 7 гадоў калоніі і 45 тысяч рублёў штрафу.

Прэтэнзіі да Анюхоўскага ў тым, што ён загадаў падначаленым унесці ў бізнэс-план праекта па перапрацоўцы какава-бабоў загадзя ілжывыя звесткі. Маўляў, ведаў, што праект будзе правальны, але, каб атрымаць грошы з інавацыйнага фонду Мінгарвыканкама, перадаў падробленыя дакументы.

А пастаўшчык абсталявання для перапрацоўкі какава-бабоў за гэта даў адкат Анюхоўскаму і яго жонцы.

Пра затрыманне дырэктара «Наша Ніва» паведамляла вясной 2024 года. Яго тады змяшчалі ў следчы ізалятар, але напярэдадні Усебеларускага народнага сходу, дэлегатам якога ён быў прызначаны, вызвалілі. 

На «Камунарцы» былі ўпэўненыя, што Анюхоўскага ўратаваў статус дэлегата УНС. Таксама ён быў у 2019‑2024 гадах членам Савета Рэспублікі.

Аказалася, усё ж не ўратаваў.

Яго бацька Анатоль Анюхоўскі ўзначальваў Талачынскі кансервавы завод і таксама быў членам Савета Рэспублікі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула