БЕЛ Ł РУС

У Слуцку жанчыну аштрафавалі за пакінутыя каля сметніцы добрае адзенне і лінолеум. Людзі не вытрымалі, даведаўшыся пра гэта

14.09.2026 / 09:00

Максім Сыраежка

Сюжэт пра случчанку Ірыну, якую прыцягнулі да адказнасці за вынесеныя да кантэйнераў рэчы, справакаваў эмацыйную рэакцыю.

Кантэйнеры для смецця ў адным з двароў Слуцка. Скрын відэа: slutsktv / YouTube

Случчанка Ірына вынесла да смеццевых бакаў два пакеты з ношаным, непатрэбным ёй больш, але добрым адзеннем і рулон лінолеума ў надзеі, што рэчы спатрэбяцца іншым. Аднак гэты ўчынак трапіў у аб’ектыў камеры відэаназірання: жанчыну выклікалі ў ЖЭС і склалі пратакол за пакіданне буйнагабарытнага смецця не там, дзе трэба. Цяпер ёй пагражае штраф да 1350 рублёў.

Сваёй гісторыяй Ірына падзялілася на ютуб-канале «Слуцк ТВ», пасля чаго на яе звярнулі ўвагу аўтары тыкток-акаўнта «Беларусьфакты». Калі арыгінальнае відэа за 12 дзён набрала сціплыя 1,5 тысячы праглядаў, то ролік у тыктоку за суткі паглядзелі больш за 3,4 мільёна разоў, пакінуўшы амаль 4300 каментароў.

Абсалютным лідарам па водгуках (больш за 86 тысяч лайкаў) стала іранічная рэпліка: 

«Самы небяспечны злачынца злоўлены, краіна можа спаць спакойна».

Другая па папулярнасці рэпліка:

 «Ужо не ведаюць, як з людзей грошы адабраць».

Не менш падтрымкі знайшоў і заклік:

 «Людзі, што з вамі?!!!! Махляроў лавіце! Дзяўчына сваім пакетам магла рэальна камусьці дапамагчы».

У каментарах людзі шчыра не разумеюць логікі:

 «Хто гэта прыдумляе?» 

Многія з горкай іроніяй заўважаюць: 

«Штраф за дабрыню! Казала мне бабуля: не хочаш зла — не рабі дабра»«Нельга ў РБ рабіць дабро, сабе горш зробіш…»

Карыстальнікі масава адзначаюць, што такі спосаб пазбаўляцца ад непатрэбных, але прыдатных рэчаў — звыклая практыка:

«Божа, якое трызненне, чалавек хацеў добрую справу зрабіць»; «Поўнае трызненне, я заўсёды пакідаю адзенне»«Першы раз такое чую, што нельга. Гэта дапамога нішчымным, хіба гэта дрэнна?»«Першы раз такое чую. У нас у двары ўсе так робяць».

Каментатары ахвотна дзеляцца ўласным досведам:

«Чаму гэта забаронена? Я са сметніка так сцягнуў мікрахвалеўку, 3 працоўныя кінескопавыя тэлевізары, 2 камп’ютары, пасудамыйку і чайнік з невялікімі паломкамі».

«МІНСК… 2 паверх кватэры, назіраю: дзяўчына паставіла 2 велізарныя пакеты з адзеннем… Падышлі бабулі і маладая жанчына, перагледзелі абодва пакеты, падзялілі пароўну і забралі дадому… Калі адзенне добрае, навошта кідаць у кантэйнер? У Германіі ды ў краінах еўрапейскіх ставяць пакеты з адзеннем. Патрэбнае забяруць… У чым віна дзяўчыны?»

Пры гэтым беларусы звяртаюць увагу на адсутнасць адпаведнай інфраструктуры:

«Цікава, а дзе ў нас ставяць кантэйнеры для буйнагабарытнага смецця? Ніводнага не бачыла»«Чаму ў нас няма кантэйнераў для адзення, як у іншых краінах?!»

Паводзіны прадстаўнікоў жыллёва-камунальнай гаспадаркі выклікалі ў людзей асобную хвалю эмоцый.

«Усё нармальна? З глузду з’ехалі? Дзяўчына добрую справу зрабіла», — заўважае нехта.

«Добрая справа — паставілі камеры каля сметнікаў: можна лёгка стварыць бачнасць актыўнай працы, не падымаючыся з крэсла…», — дадае яшчэ адзін карыстальнік.

Беларусы прапануюць:

«А можа, іх аштрафаваць за адсутнасць патрэбных кантэйнераў?»

«Дык няхай ставяць кантэйнеры Чырвонага Крыжа ці яшчэ якіх арганізацый паболей, а не адзін кантэйнер на горад».

«А чаму ЖЭСы не караюць за невыкананне сваіх непасрэдных абавязкаў? Напрыклад, калі ў шматпавярховіках своечасова не прыбіраюць пад’ездаў, а на некаторых падворках і прылеглых тэрыторыях доўгі час валяецца смецце і яго не прыбіраюць, бо бракуе дворнікаў і г.д. А, я забыўся, гэта ж іншае».

Ёсць і больш эмацыйныя запісы:

«Абсурд творыцца ў краіне з усімі гэтымі забаронамі!!! У Расіі вучымся татальнаму тэрору?? Заўтра будзеце рэгістраваць курэй і трусоў??? Сабак і катоў ужо палічылі…… Дэпутаты!, вы ж былі звычайнымі людзьмі, а цяпер што робіцца ў вас у галовах??? Забыліся, як жыве звычайны народ??? Уключыце хоць рэшткі сумлення!!!!!!»

Зрэшты, сярод тысяч абураных каментароў знаходзяцца і адзінокія галасы прыхільнікаў цвёрдага парадку: 

«Мяркуючы па каментарах, у краіне ладу ніколі не будзе».

Чытайце таксама:

Камунальнікі пойдуць аглядаць дамы беларусаў

Што на могілках павінны прыбіраць камунальнікі, а што сваякі

Як эксперымент у Слуцку паказаў камунальнікам, што прычына смецця не ў людзях, а ў іх працы

Каментары да артыкула