БЕЛ Ł РУС

Беларуса затрымалі ў варшаўскім аэрапорце за кантрабанду цыгарэт паветранымі шарамі

11.09.2026 / 21:53

Nashaniva.com

Супрацоўнікі Падляшскага аддзела Памежнай службы і Ваяводскай камендатуры паліцыі ў Беластоку ў рамках расследавання кантрабанды цыгарэт з Беларусі ў Польшчу з выкарыстаннем метэаралагічных паветраных шароў затрымалі чатырох чалавек, паведамляе прэс-служба польскай Памежнай варты.

Фота: strazgraniczna.pl

9 верасня супрацоўнікі памежнай заставы ў Кузніцы і аддзела барацьбы з эканамічнай злачыннасцю Ваяводскай камендатуры паліцыі ў Беластоку правялі скаардынаваную аперацыю і затрымалі чатырох членаў арганізаванай злачыннай групы.

Грамадзяніна Беларусі, якога падазраюць у арганізацыі адпраўкі цыгарэт з Беларусі ў Польшчу і ўдзеле ў арганізаванай групе, якая займалася кантрабандай тытунёвых вырабаў, памежнікі затрымалі ў міжнародным аэрапорце імя Фрыдэрыка Шапэна ў Варшаве.

Яшчэ аднаго падазраванага, грамадзяніна Польшчы, якога следства лічыць кіраўніком злачыннай групы, затрымалі на аўтамабільным памежным пераходзе ў Кузніцы. Пракурор папрасіў суд узяць абодвух мужчын пад варту на тры месяцы. Суд задаволіў гэтае хадайніцтва, і яны будуць змешчаныя ў следчы ізалятар.

Яшчэ двух членаў групы, грамадзян Польшчы, супрацоўнікі аддзела барацьбы з эканамічнай злачыннасцю затрымалі ў Беластоку. У дачыненні да іх абралі іншыя меры: паліцэйскі нагляд, забарону пакідаць краіну і маёмасныя заклады сумай 10 тысяч і 20 тысяч злотых (адпаведна 2710 і 5420 даляраў).

Сабраныя доказы сталі падставай для выстаўлення затрыманым абвінавачанняў ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе і яе кіраўніцтве. Следчыя лічаць, што ўдзельнікі групы перапраўлялі партыі цыгарэт з Беларусі ў Польшчу паветраным шляхам, выкарыстоўваючы метэаралагічныя паветраныя шары. Пасля гэтага кантрабандныя цыгарэты перавозіліся, захоўваліся і прадаваліся ў Польшчы.

Усім затрыманым таксама выставілі абвінавачанні паводле закона аб спецыяльных мерах па супрацьдзеянні падтрымцы агрэсіі супраць Украіны і абароне нацыянальнай бяспекі. За інкрымінаваныя ім дзеянні пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам не менш за тры гады.

Расследаванне мае некалькі кірункаў. З пачатку справы абвінавачанні ўжо выставілі больш чым 150 падазраваным.

Чытайце таксама:

Кантрабандныя цыгарэты схавалі ў чыгуначнай цыстэрне з вадкай смалой

Беларус спрабаваў правезці ў Польшчу цыгарэты ў руберойдзе

У Беластоку судзяць двух беларусаў і паляка за кантрабанду цыгарэт з дапамогай дронаў

Беларуса, які працаваў у нямецкай паліцыі, пазбавілі пенсіі — бо вазіў кантрабандай цыгарэты з Беларусі на дыпламатычным аўто

«Мы ўсе былі на роўных». Былы польскі мытнік з Баброўнікаў расказаў пра ўдзел у кантрабандзе цыгарэт з Беларусі

Каментары да артыкула