Прыкладна палова людзей, якія выжылі пасля тэрактаў 11 верасня, захварэла на рак
Праз 25 гадоў пасля тэрактаў 11 верасня 2001 года каля паловы з прыкладна 54 тысяч зарэгістраваных людзей, якія перажылі атакі, сутыкнуліся з анкалагічнымі захворваннямі або праходзілі лячэнне ад раку. Пра гэта піша The Washington Post.
Фота: Wikimedia Commons
За апошнія пяць гадоў колькасць удзельнікаў праграмы World Trade Center Health Program, якія атрымліваюць дапамогу ў сувязі з ракам, вырасла больш чым утрая.
Даследчыкі звязваюць высокі ўзровень захворванняў з таксічнымі рэчывамі, якія трапілі ў паветра пасля абрынання вежаў Сусветнага гандлёвага цэнтра. У пыле і дыме ўтрымліваліся азбест, бензол і іншыя канцэрагенныя рэчывы. Пажары на месцы катастрофы працягваліся яшчэ некалькі месяцаў.
У чэрвені 2021 года дапамогу ў сувязі з анкалагічнымі захворваннямі атрымлівалі каля 9 тысяч удзельнікаў праграмы. Да 2026 года іх колькасць вырасла больш як да 27 тысяч.
Медыкі папярэджваюць, што колькасць дыягназаў можа працягваць павялічвацца, бо некаторыя віды раку могуць праявіцца праз дзесяцігоддзі пасля ўздзеяння канцэрагенных рэчываў.
Паводле ацэнак экспертаў, колькасць людзей, якія ўжо памерлі ад раку і іншых доўгатэрміновых наступстваў тэрактаў 11 верасня, перавысіла 2977 чалавек, якія загінулі непасрэдна ў дзень атак. Пры гэтым удзельнікі медыцынскай праграмы могуць мець ніжэйшую смяротнасць ад раку дзякуючы рэгулярным медыцынскім абследаванням.