Закрываць ці не закрываць вечка ўнітаза перад змываннем?
Адны заўсёды закрываюць вечка ўнітаза перад змываннем, іншыя не бачаць у гэтым ніякага сэнсу. Навукоўцы прааналізавалі вынікі 22 даследаванняў, каб высветліць, хто мае рацыю. Пра іх высновы піша IFLScience.
Фота: vecteezy
У туалеце ёсць рэчы, пра якія большасць з нас проста не задумваецца. Напрыклад, што адбываецца ў першыя секунды пасля таго, як мы націскаем кнопку змывання.
У гэты момант над унітазам утвараецца аэразоль з мікраскапічных кропель, якія могуць утрымліваць розныя мікраарганізмы. Сярод іх патэнцыйна могуць быць і ўзбуджальнікі захворванняў.
Навукоўцы з Універсітэта Фліндэрса ў Аўстраліі вырашылі высветліць, ці можа вечка паўплываць на яго распаўсюджванне. Для гэтага яны прааналізавалі 22 раней апублікаваныя даследаванні. У іх выкарыстоўваліся розныя тыпы туалетаў і сістэмы змывання, а ў некаторых эксперыментах у ваду спецыяльна дадавалі бактэрыі, каб прасачыць за іх распаўсюджваннем.
Аналіз паказаў нечаканую рэч. Закрыццё вечка, відаць, не надта ўплывае на агульную колькасць аэразолю, які вырываецца з унітаза. Розніца ў іншым.
З адкрытага ўнітаза часцінкі свабодна падымаюцца ўверх і шырэй разлятаюцца па памяшканні. Калі ж вечка закрытае, яны выходзяць праз шчыліны паміж ім, сядзеннем і краем чашы. Такім чынам, вечка не столькі спыняе аэразоль, колькі змяняе кірунак яго руху.
І гэта можа мець значэнне. Пры адкрытым вечку часцінкі здольныя падымацца на вышыню, дзе чалавек можа іх удыхнуць. Пры закрытым такая імавернасць можа быць меншай.
Магчыма, значэнне мае і канструкцыя ўнітаза, у прыватнасці, памер шчылін паміж вечкам, сядзеннем і чашай.
Паменшыць колькасць аэразолю могуць і іншыя меры. Калі ва ўнітазе ёсць два рэжымы змывання, пры магчымасці варта выбіраць меншы аб'ём вады.
Дапамагчы можа і добрая вентыляцыя, хоць вынікі даследаванняў на гэты конт пакуль не былі статыстычна пераканаўчымі.
Важная і рэгулярная чыстка туалета. Яна не спыніць утварэнне кропель, затое паменшыць колькасць мікраарганізмаў, якія могуць разам з імі трапіць у паветра.
Пры гэтым даследаванняў, у якіх непасрэдна параўноўвалі змыванне з адкрытым і закрытым вечкам, пакуль няшмат, таму аўтары не лічаць высновы канчатковымі. Тым не менш вядучая аўтарка даследавання Ліра Адыяні раіць закрываць вечка перад змываннем як меру засцярогі.
Чытайце таксама:
Падаслаць паперу ці завіснуць над унітазам? Як лепш скарыстацца грамадскім туалетам
Як часта трэба мяняць прасціну? Эксперты кажуць, што ад гэтага залежыць ваша здароўе