БЕЛ Ł РУС

Паміж Мінскам і Маладзечнам запускаюць паскораныя электрычкі

14.09.2026 / 17:26

Nashaniva.com

З 21 верасня паміж Мінскам і Маладзечнам пачнуць курсіраваць дадатковыя паскораныя электрычкі. Гэта будуць звычайныя рэгіянальныя цягнікі эканом-класа, а не вагоны бізнэс-класа, піша Blizko.by.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Новы цягнік №7041 будзе хадзіць у асобныя дні да 18 кастрычніка. З Мінска ён будзе адпраўляцца ў 9:58 і прыбываць у Маладзечна ў 11:14. У дарозе ён будзе знаходзіцца 1 гадзіну 16 хвілін. Пасля станцыі Ждановічы і да Фестывальнага цягнік не будзе мець ніводнага прамежкавага прыпынку.

Назад цягнік №7042 будзе адпраўляцца з Маладзечна ў 13:52 і прыбываць у Мінск у 15:04. Час у дарозе складзе 1 гадзіну 12 хвілін.

Кошт праезду застанецца такім жа, як у звычайнай электрычцы, — 4 рублі 26 капеек.

Увогуле паскораныя электрычкі паміж Мінскам і Маладзечнам ужо курсіруюць. Напрыклад, цягнікі па маршруце Мінск — Гудагай пасля Ждановічаў прапускаюць амаль усе прыпынкі да Фестывальнага. Дарога ад Мінска да Маладзечна займае ў іх каля 1 гадзіны 19 хвілін.

Звычайныя электрычкі, якія спыняюцца на ўсіх станцыях, едуць паміж Мінскам і Маладзечнам прыкладна 1 гадзіну 47—51 хвіліну.

Новыя цягнікі звязаныя і з будучымі зменамі ў класіфікацыі прыгарадных перавозак. Законапраект аб чыгуначным транспарце прадугледжвае з'яўленне асобнага віду рэгіянальных ліній эканомкласа — паскораных. Цяпер звычайныя электрычкі і дызель-цягнікі ў гэтую катэгорыю ўваходзяць без падзелу на падтыпы.

Мяркуецца, што галоўнае адрозненне паскораных цягнікоў будзе ў меншай колькасці прыпынкаў. Ці будзе ў будучыні праезд у іх даражэйшы за звычайныя электрычкі, пакуль дакладна не вядома.

Паскораныя электрычкі паміж Мінскам і Маладзечнам былі звычайнай з'явай і ў савецкія часы, і ў 1990‑я гады. Некаторыя з іх наогул не спыняліся паміж дзвюма канцавымі станцыямі. Гэта, сярод іншага, выкарыстоўвалі студэнты, якія ехалі без білета: першым месцам, дзе кантралёры маглі высадзіць безбілетніка, была адна з канцавых станцый — Мінск або Маладзечна.

Чытайце таксама:

БЧ абнавіла сэрвіс «Анлайн-табло»: рух цягнікоў можна адсочваць у рэальным часе

У Мінску збіраюцца ўзвесці некалькі мастоў

1 верасня на Гомельшчыне быў збой у працы пасажырскіх цягнікоў. Прычынай стаў выбух у Расіі

Каментары да артыкула