БЕЛ Ł РУС

На фасадзе Ватыканскай бібліятэкі з'явілася гіганцкая хваля. Што гэта азначае?

15.09.2026 / 18:19

Nashaniva.com

На фасадзе Апостальскай бібліятэкі Ватыкана з’явілася вялізная чорна-белая інсталяцыя французскага мастака JR пад назвай Diluvium. Яна ўяўляе сабой хвалю даўжынёй каля 70 метраў, якая цягнецца ўздоўж сцяны, звернутай да Картыле-дэль-Бельведэрэ, піша выданне Designboom.

Мастак JR на фоне свайго твора. Фота: Vatican Apostolic Library

Інсталяцыю адкрылі 14 верасня. Яна стала часткай выставы AQVA — першай выставы пяцігадовага цыклу «Катастрофа і цуд», прысвечанай розным формам узаемадзеяння чалавека з прыроднымі стыхіямі і пагрозамі.

Для стварэння хвалі JR выкарыстаў у якасці асновы ілюстрацыю французскага мастака Гюстава Дарэ да біблейскай гісторыі пра патоп, апублікаваную ў 1866 годзе.

Паводле JR, ідэя інсталяцыі ўзнікла пасля размовы з прадстаўнікамі бібліятэкі. Яны расказалі мастаку, што найбольшай пагрозай для яе каштоўных калекцый з’яўляецца вада.

«Ватыканская бібліятэка звярнулася да мяне, таму што для іх вада — найбольшы страх. Бо аднойчы вада можа прыйсці і забраць усю памяць, усе сляды цывілізацыі, якія яны захоўвалі», — патлумачыў мастак.

Вобраз хвалі JR звязвае не толькі з небяспекай затаплення. Ён таксама разглядае яе як сімвал глабальных кліматычных зменаў і экстрэмальнай спякоты, палітычнай палярызацыі, а таксама «хвалі штучнага інтэлекту».

Выстава AQVA паказвае супярэчлівую ролю вады. З аднаго боку, яна можа знішчыць папяровыя дакументы і іншыя матэрыялы бібліятэкі, а з другога — вада неабходная для стварэння і рэстаўрацыі кніг. У экспазіцыі прадстаўленыя матэрыялы з калекцый Апостальскай бібліятэкі Ватыкана і сучасныя мастацкія праекты.

Выставу ўрачыста адкрыў папа Леў XIV падчас свайго першага візіту ў Апостальскую бібліятэку Ватыкана ў якасці пантыфіка. Для наведвальнікаў AQVA адкрыецца 25 верасня і будзе працаваць да 14 мая 2027 года.

Інсталяцыя JR застанецца на фасадзе бібліятэкі на працягу ўсёй выставы.

Чытайце таксама:

Андрэй Пачобут сустрэўся з Папам Львом XIV

У Рыме праз засуху сталі бачныя апоры старажытнарымскага моста

Ватыкан адлучыў ад царквы Брацтва святога Пія X. Раскольнікі маюць капліцу ў Мінску, дзе ўсё па-руску — што цяпер чакае гэтых вернікаў

Чаму энцыкліку Папы Льва XIV параўноўваюць з Батлерыянскім джыхадам са свету «Дзюны», а галоўную мудрасць ён чэрпае ў словах Гандальфа

Каментары да артыкула