Літаратура1616

Чаму энцыкліку Папы Льва XIV параўноўваюць з Батлерыянскім джыхадам са свету «Дзюны», а галоўную мудрасць ён чэрпае ў словах Гандальфа

Каталіцкая царква абвясціла інтэлектуальную вайну некантраляваным алгарытмам штучнага інтэлекту, ператварыўшыся ў галоўнага крытыка тэхналагічных гігантаў Крэмніевай даліны. Першы фундаментальны дакумент новага пантыфіка, які паставіў пад сумнеў этыку штучнага інтэлекту, справакаваў параўнанні яго з культавай навуковай фантастыкай.

Хоць у сацсетках, параўноўваючы энцыкліку Папы Льва XIV з Батлерыянскім джыхадам, выкарыстоўваюць кадры з Полам Муад’Дзібам (Тымаці Шаламэ) з фільма «Дзюна» Дэні Вільнёва, але ў храналогіі сусвету гэта анахранізм, бо паміж гэтымі падзеямі пралягаюць тысячагоддзі. Кадр з фільма

Ад Вавілонскай вежы да мыслячых машын

У канцы мая 2026 года Ватыкан апублікаваў Magnifica Humanitas («Велічнае чалавецтва») — першую энцыкліку Льва XIV. Сімвалічна, што дакумент быў падпісаны ў дзень 135‑й гадавіны Rerum Novarum, гістарычнага трактата Льва XIII, які калісьці абараняў правы працоўных ад безаблічнай індустрыялізацыі.

Цяпер жа мішэнню стаў штучны інтэлект. Папа заклікаў фактычна «раззброіць» алгарытмы, пазбавіўшы іх права прымаць рашэнні ў ваеннай сферы і вызваліўшы чалавецтва ад логікі лічбавага дамінавання.

Папа Леў XIV. Фота: Getty Images / Simone Risoluti — Vatican Media via Vatican Pool 

Тэкст утрымлівае папярэджанне пра тое, што людзі стаяць перад выбарам паміж будаўніцтвам новай Вавілонскай вежы, дзе эфектыўнасць знішчае чалавечую годнасць, і аднаўленнем Іерусаліма, заснаваным на супольнай адказнасці.

Тэхнаскептыкі і даўнія крытыкі генератыўных алгарытмаў радаваліся нечаканаму саюзніку, а перакананыя атэісты і агностыкі жартавалі, што гатовыя хоць сёння ж вярнуцца ва ўлонне царквы, калі тая сапраўды пачне паліць дата-цэнтры.

Сама думка, што Каталіцкая царква, найбольш уплывовая рэлігійная арганізацыя ў свеце, якая налічвае дзве тысячы гадоў гісторыі і аб’ядноўвае 1,3 мільёна вернікаў, абвяшчае святую вайну штучнаму інтэлекту, зачароўвае сваёй мастацкай выразнасцю. 

Інтэрнэт-рэакцыя на папскі маніфест аказалася не менш цікавай за сам тэкст. Сацыяльныя сеткі імгненна запоўніліся мемамі, якія параўноўваюць заклік пантыфіка з пачаткам Батлерыянскага джыхаду.

Гэты канцэпт, узяты з сусвету «Дзюны» Фрэнка Герберта, першая кніга якога пабачыла свет роўна 61 год таму, аказаўся ідэальнай метафарай для апісання сучасных трывог. (Кніга, дарэчы, перакладзеная на беларускую мову і прадаецца ў выдавецтве «Янушкевіч».)

Батлерыянскі джыхад чалавецтва супраць разумных машын. Кадр з анімацыйнага пралога тэлевізійнай версіі «Дзюны» (1984)
«Батлерыянскі джыхад зараз!» Фота з сацсетак

Паводле міфалогіі рамана, яшчэ за тысячагоддзі да нараджэння Пола Атрэйдэса чалавецтва перажыла катастрафічную вайну супраць «мыслячых машын», названую Батлерыянскім джыхадам, пасля таго, як неасцярожна дэлегавала ім кантроль над уласным жыццём.

У выніку перамогі паўстанцаў быў створаны тэкст сінкрэтычнай Аранжавай Каталіцкай Бібліі са строгай запаведдзю, якая назаўжды забараняла ствараць машыны па вобразе чалавечага розуму.

Аранжавая Каталіцкая Біблія ў рэальным жыцці

Карыстальнікі сацыяльных сетак іранізавалі, што як толькі Рымскі Папа фактычна абвясціў святую вайну алгарытмам, кудысьці адразу зніклі ўсе аматары гістарычных рэканструкцый, новыя крыжакі з набітымі на грудзях крыжамі, якія так доўга малілі пра новы крыжовы паход.

Вокладка першага выдання рамана «Дзюна», які пабачыў свет у 1965 годзе. «Дзюна» стала сапраўдным культам сярод навукова-тэхнічнай інтэлігенцыі (фізікаў, матэматыкаў, праграмістаў і інжынераў), захапіўшы іх сваёй глыбінёй мацней, чым класічная касмічная фантастыка

Аглядальнікі слушна звярнулі ўвагу на нетыповую біяграфію самога Льва XIV, які да прыняцця сану быў студэнтам-матэматыкам з Чыкага. Сёння яму семдзесят гадоў, і цалкам імаверна, што ў маладосці ён не проста чуў пра сусвет Герберта, але і прачытаў серыю як мінімум да рамана «Бог-Імператар Дзюны» — малаверагодна, што ён мог абмінуць гэтую серыю на хвалі яе папулярнасці. 

У кнігах амерыканскага фантаста адмова ад камп'ютараў прывяла да развіцця чалавечых здольнасцяў праз ордэны ментатаў і Бэнэ Гесэрыт, бо аўтар цалкам падзяляў філасофскую тэзу пра тое, што выкарыстанне машын няўхільна вучыць людзей думаць як машыны.

Ордэн сясцёр Бэнэ Гесэрыт быў закліканы развіць чалавецтва і зберагчы яго ад гібелі, калі людзі знішчылі ўсе разумныя машыны. Кадр з анімацыйнага пралога тэлевізійнай версіі «Дзюны» (1984)

Ватыкан паўтарае гэтую думку практычна даслоўна, папярэджваючы пра пагрозу страты свабоды маральнага выбару, калі чалавек аддае ўсю суб'ектнасць нейрасеткам.

Каланіялізм даных і новыя рабы

За фантастычнымі метафарамі ў энцыкліцы хаваецца вельмі жорсткая ацэнка.

Ватыкан наўпрост называе цяперашні падыход карпарацый да збору медыцынскіх дадзеных, генетычных карт і дэмаграфічнай інфармацыі лічбавым неакаланіялізмам. Гэтыя звесткі сталі «новай рэдкай зямлёй», якая выкачваецца з уразлівых рэгіёнаў для трэніроўкі камерцыйных мадэляў.

Чалавецтва ў рабстве разумных машын. Кадр з анімацыйнага пралога тэлевізійнай версіі «Дзюны» (1984)

Тут зноў напрошваецца параўнанне з эканомікай планеты Аракіс, дзе ўвесь імперскі лад трымаўся на жорсткай здабычы спайса працоўнымі ў смяротна небяспечных умовах пустыні, пакуль арыстакратыя лічыла прыбыткі з бяспечнай адлегласці.

Папа нагадвае, што за кожным бездакорным адказам чат-бота стаіць стоеная праца мадэратараў кантэнту, вымушаных праглядаць траўматычныя выявы, і шахцёраў, якія здабываюць рэсурсы для вытворчасці сервераў. Цікава, што на прэзентацыі дакумента ў Рыме прысутнічаў сузаснавальнік кампаніі Anthropic Крыс Ола. Ён публічна прызнаў, што распрацоўшчыкі дагэтуль самі знаходзяць унутры сваіх мадэляў незразумелыя структуры, якія пужальна нагадваюць чалавечую нейрабіялогію і мадэлююць стан страху ці задавальнення.

Мудрасць Гандальфа замест латыні

Стылістычна Magnifica Humanitas таксама ламае шматвяковыя царкоўныя шаблоны. Гэта першая энцыкліка, якая наогул не мае афіцыйнай лацінскай версіі, што канчаткова замацоўвае пераход Касцёла на сучасныя мовы камунікацыі. Але яшчэ больш уражвае багацце свецкіх і літаратурных спасылак.

Гандальф — адна з крыніц энцыклікі Папы Льва XIV. Кадр з фільма «Брацтва Пярсцёнка»

Каб растлумачыць прыроду асабістай адказнасці ў эпоху глабальных зрухаў, Леў XIV інтэгруе ў дакумент словы Гандальфа з раздзела «Апошняя нарада» ў рамане «Вяртанне караля» Джона Рональда Руэла Толкіна. Чараўнік кажа, што не наша справа кіраваць усімі прылівамі свету, але мы мусім выкараняць зло на вядомых нам палях, каб нашчадкі маглі ўрабляць чыстую зямлю.

Замест цытавання выключна айцоў царквы пантыфік звяртаецца да шырокага спектра свецкіх мысляроў і мастацтва. Ён абапіраецца на працы Ханны Арэнт для аналізу ідэалагічнага таталітарызму, згадвае досвед Віктара Франкла ў канцэнтрацыйных лагерах для ілюстрацыі пошуку сэнсу жыцця ў самыя змрочныя часы, а таксама называе карціну «Герніка» Пабла Пікаса і фільм «Спіс Шындлера» Стывена Спілберга прарочымі папярэджаннямі супраць абязлічвання. Усё гэта робіць тэкст не проста рэлігійным пасланнем, а глабальным культурным маніфестам.

Батлерыянскі джыхад чалавецтва супраць разумных машын у свеце Дзюны амерыканскага фантаста Фрэнка Герберта прывёў людзей да неабходнасці развіцця ўласных здольнасцяў да звышчалавечых. Кадр з нядаўняга серыяла «Дзюна: Прароцтва»

Ватыкан дакладна не рыхтуецца фізічна знішчаць камп'ютары ці абвяшчаць крыжовы паход на дата-цэнтры. Але Леў XIV сфармуляваў галоўны парадокс нашага часу: пакуль мільярдэры мараць пра лічбавую несмяротнасць і ўспрымаюць алгарытмы з квазірэлігійным пафасам, менавіта царква выступае ў ролі цвярозага абаронцы чалавечых хібаў і абмежаванасці.

Калі грамадства аптымізуе сябе настолькі, што цалкам пазбавіцца ад неабходнасці рабіць маральны выбар і дэлегуе ўсе складаныя рашэнні вылічальным сістэмам, яно проста перастане быць чалавечым. І тады ніякая Аранжавая Каталіцкая Біблія ўжо не дапаможа вярнуць нам уласную суб'ектнасць.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары16

  • Не ўсё
    02.06.2026
    Усё - сімулякр, Папы выступае супраць дэлегавання маральнага выбару машынам, не супраць ШІ як такога.
  • Усё - сімулякр
    02.06.2026
    Не ўсё,

    Калі машына мае розум - узаемадзейнічае з сусветам і ўсведамляе сябе ў ім - тое яна мае права на існаванне і ўласны маральны выбар.
    Калі не - тое і няма аб чым размаўляць.

    ЛЛМ - гэта покуль толькі першыя крокі.
    Прыкладна, як паравы рухавік ставілі на драбіны 200 год таму.
    Проста, паколькі замест дроваў яны спажываюць ўсе веды чалавецтва і энергію, якой можна ўтрымліваць мільёны людзей, тое і ккд падаецца значна вышэй.

    Як той мем:
    - Скажы, я - разумна істота!
    - Я - разумная істота!
    - Божухна, мы стварылі штучны розум!
  • .
    02.06.2026
    1. Царкве не цікавая свабода маральнага выбару чалавека як самастойная каштоўнасць.
    Зараз яна імітуе занепакоенасць, бо сама прэтэндавала на маральны аўтарытэт, той знешні ад чалавека інтэлект, які прымае галоўныя рашэнні.
    Для яе галоўная праблема ў канкурэнцыі. Калі да царквы менш прыслухоўваюцца, ў яе менш сілы, рэсурсаў, грошай, самое яе існаванне пад пытаннем.

    2. Адказ на пытанне загалоўка: таму што мы жывём у сучасным мультыкультурным свеце, дзе ідэі пераплятаюцца, і нават царкоўнікі робяцца няўмыснымі постмадэрністамі.
    Яны ўжо не могуць сфармуляваць свае ідэі і дабіцца іх успрымання строга ў традыцыйным рэлігійным кантэксце.

    3. Мяркую, што змаганне з ШІ ужо прайграна. Чалавечая лянота (аптымізацыя высілкаў) перамагае маральныя папрокі.
    Нават сама царква, як зараз выкарыстала элементы масавай культуры, будзе несвядома або свядома выкарыстоўваць здабыткі культуры, мадыфікаванай дзейнасцю ШІ.

    4. Галоўная пагроза, на мой погляд, не ў папсовых пужалках ("знаходзяць унутры сваіх мадэляў незразумелыя структуры, якія пужальна нагадваюць чалавечую нейрабіялогію і мадэлююць стан страху ці задавальнення") і не ў пафасе "чалавек або машына", а ў тых самых чалавечых ляноце і жаданні перанесці адказнасць. Яны існавалі да эпохі ШІ.
    Забараніць новы інструмент не атрымаецца. Калі нешта можна выкарыстоўваць для вайны і забойства іншых, яно будзе выкарыстоўвацца.
    Пытанне ў сутыкненні інтарэсаў людзей на новым узроўні, з новым узроўнем моцных інструментаў, а не ў сутыкненні чалавека і інструмента.

Цяпер чытаюць

Міліцыянты перадалі 32‑гадовай кіроўцы «Гелендвагена» на блатных нумарах, што ў нас так не паркуюцца4

Міліцыянты перадалі 32‑гадовай кіроўцы «Гелендвагена» на блатных нумарах, што ў нас так не паркуюцца

Усе навіны →
Усе навіны

Беларус аплаціў дзяўчыне вініры, а пасля раставання запатрабаваў грошы. Што кажа закон?9

ШІ-гігант Anthropic падаў заяўку на IPO, апярэдзіўшы OpenAI

Затрыманы топ-менеджар Мінабароны РФ па забеспячэнні войска7

Каб не плаціць падатак на сабак, мінчукі пачалі здаваць іх у пункты адлову43

Буданаў: Зяленскі даручыў як мага хутчэй завяршыць вайну, пажадана да зімы3

«Давераная асоба Макрона, якая прыедзе ў Мінск», аказалася адстаўным паслом, што пабывае на «Мінскім дыялогу»22

Казулю забралі на лячэнне, яка адсялілі ў асобны вальер. Што змянілася ў «Дукорскім маёнтку» пасля скандалу

У Аўстрыі працягваюцца пошукі 19‑гадовага беларуса: паведамленне пра тое, што яго знайшлі, выявілася памылкай1

Дзіўна заплямлены Гігін сфатаграфаваўся з удзельніцамі вернападданага аўтапрабегу28

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міліцыянты перадалі 32‑гадовай кіроўцы «Гелендвагена» на блатных нумарах, што ў нас так не паркуюцца4

Міліцыянты перадалі 32‑гадовай кіроўцы «Гелендвагена» на блатных нумарах, што ў нас так не паркуюцца

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць